Сілавікі атачылі амбасаду Швецыі ў Менску
Як паведамляе Радыё Свабода, сілавікі і «людзі ў цывільным» атачылі амбасаду Швецыі ў Менску. Амбасада пакуль не дае каментароў. Паводле непацверджаных звестак, гэта можа быць звязана з тым, што ў амбасаду звярталіся па палітычнае прыстанішча за пераслед беларускімі ўладамі.
Аднак следам да будынку прыехалі прадстаўнікі праваахоўных структураў, якія паспрабавалі перашкодзіць пацярпелым ад рэжыму. Паводле інфармацыі Свабоды, сілавікі сапраўды прыйшлі да амбасады Швецыі і ходзяць вакол яе, некага чакаюць. Як паведамляе „Белсат”, на тэрыторыі амбасады Швецыі ў Менску зараз знаходзіцца жыхар Віцебску Уладзіслаў Кузьміч разам з бацькам Віталём. Паводле яго, іх спрабавалі затрымаць на акцыі 6 верасня ў Менску, пырснулі ў вочы слезацечным газам, білі дубінкамі. Сын здолеў вызваліць бацьку, але, баючыся пераследу, Кузьмічы чатыры дні хаваліся. Сёння яны паспрабавалі патрапіць у амбасаду Швецыі ў Менску, каб папрасіць прытулку. Паколькі іх не пусцілі, яны пераскочылі праз плот на тэрыторыю дыпламатычнага прадстаўніцтва.
Зараз, як распавёў Уладзіслаў Кузьміч, сілавікі атачылі амбасаду і чакаюць выдачы ўцекачоў.
Фота tut.by