Сілавікі не далі сабрацца ўдзельнікам маршу медыкаў у Менску
Сілавікі не далі сабрацца 7 лістапада ўдзельнікам маршу медыкаў у Менску.
Згодна са звесткамі праваабаронцаў, пры спробе сабрацца на марш медыкаў у Менску 7 лістапада затрыманыя дзясяткі чалавек. Акрамя гэтага, затрыманні адбываліся на традыцыйнай суботняй жаночай акцыі.
Праваабарончаму цэнтру „Вясна” на гэты момант вядомыя прозвішчы 40 затрыманых, якія прыйшлі ўдзельнічаць у маршы медыкаў.
Як паведамлялася, у 12.00 ля галоўнага ўваходу ў 1-ю гарадскую клінічную бальніцу на праспекце Незалежнасці сабралася прыблізна 50 чалавек, некаторыя былі ў белых халатах. Адразу ж сюды пад’ехалі мікрааўтобусы з супрацоўнікамі АМАП. Сілавікі пасадзілі ў мікрааўтобусы ўсіх прысутных. Яны адвезлі затрыманых на паркоўку насупраць будынка Акадэміі навук, дзе перасадзілі з мікрааўтобусаў у аўтазакі, якія чакалі там.
Праваабаронцы таксама паведамляюць пра затрыманні на жаночым „кветкавым дэмаршы справядлівасці”. Сілавікі пачалі затрымліваць жанчын да таго, як яны паспелі сабрацца. Супрацоўнікі АМАП на мікрааўтобусах кропкава затрымлівалі жанчын з кветкамі, якія гулялі на праспекце Незалежнасці. Праваабарончаму цэнтру „Вясна” на гэты момант вядомыя прозвішчы чатырох затрыманых.