Сілавікі прыйшлі ў інтэрнэт-краму “21 век”



Сілавікі прыйшлі ў “21 век” — найбуйнейшую інтэрнэт-краму Беларусі. Заснавальнікі кампаніі Сяргей Вайніловіч, Павел Матусевіч, Іван Плюгачоў затрыманыя.

“21 век” быў заснаваны ў сярэдзіне 2000-х трыма студэнтамі-юрыстамі — Сяргеем Вайніловічам, Іванам Плюгачовым і Паўлам Матусевічам. У 2017 годзе 40 працэнтаў бізнесу набыў інвестыцыйны фонд “Зубр Капітал”.

Доля “21 века” на рынку інтэрнэт-гандлю Беларусі летась складала не менш за 37 працэнтаў па ацэнцы deal.by. Абарот перавышаў 310 мільёнаў даляраў. Сёлета ў першым квартале было выканана 945 тысяч замоваў.

Анлайн-гіпермаркет 21vek.by пракаментаваў сітуацыю вакол пляцоўкі.

«Пакуль мы не ведаем падрабязнасцяў сітуацыі, але, нягледзячы ні на што, працягваем працаваць у штатным рэжыме, прымаем заказы, дастаўляем своечасова. Праца call-цэнтра, сэрвіснага абслугоўвання, пунктаў выдачы заказаў не спыненая», — гаворыцца ў паведамленні.

Анлайн-гіпермаркет пракаментаваў Tut.by сённяшнія падзеі.

У галаўны офіс кампаніі на праспекце Пераможцаў сёння днём прыходзілі супрацоўнікі КДБ (раней паведамлялася, што гэта быў ДФР), якія да вечара праводзілі там ператрус, былі канфіскаваныя дакументы. Увесь гэты час каля 250 працаўнікоў заставаліся без сродкаў сувязі.

Заснавальнікі кампаніі Сяргей Вайніловіч, Павел Матусевіч, Іван Плюгачоў затрыманыя, іх статус на дадзены момант дакладна невядомы. Кіраўніцтва кампаніі супрацоўнічае са следствам і дае ўсе неабходныя дадзеныя.