Сілавікі з іншых гарадоў краіны трымаюць пад кантролем Пінск
Для перадухілення акцый пратэсту і ўтрымання сітуацыі пад кантролем у Пінск перакінутыя сілавікі з іншых гарадоў краіны. Падрабязнасці перадае наш карэспандэнт Пятро Савіч:
– Пінчукі актыўна дзеляцца інфармацыяй у сацыяльных сетках, што на дапамогу пінскім міліцыянтам прыслалі АМАП і спецназ. Сілавікі прыбылі ў Пінск у панядзелак, верагодна, што ўзмацненне перакінулі з Баранавіч і Менску. Дарэчы, такую інфармацыю пацвярджаюць і гараджане, якія 10-га жніўня трапілі ў Пінскі ГАУС за ўдзел у акцыях пратэсту. Паводле іх, у пастарунку міліцыянты не хавалі таго, што падтрымка прыйшлася ў самую патрэбную гадзіну. Ёсць і здымкі, зробленыя пінчукамі ўвечары панядзелка, дзе бачна, што па горадзе перасоўваецца некалькі аўтобусаў з АМАПаўцамі і аўтазак.
Дарэчы, сутычкі пратэстоўцаў і міліцыянтаў у Пінску ў ноч з 9-га на 10-е жніўня былі аднымі з самых жорсткіх у краіне. На гэта звярнулі ўвагу ў Міністэрстве ўнутраных спраў і асабіста Аляксандр Лукашэнка, які адзначыў, што прыйшлося сцягваць у Пінск памежныя войскі.
Беларускае Радыё Рацыя, Пінск