Сіноптыкі папярэдзілі пра галалёдзіцу, узмацненне ветру і снегапады



Аранжавы ўзровень небяспекі аб’яўлены на 3, 4 і 5 студзеня ў сувязі з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я ў Беларусі.

Так, 3 студзеня (аўторак) на дарогах рэспублікі, Менскай вобласці і ў Менску чакаецца галалёдзіца, паведамляе Белгідрамет.

4 студзеня (серада) на большай частцы тэрыторыі рэспублікі і Менскай вобласці чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15—21 м/с, раніцай і днём моцны снег.

5 студзеня (чацвер) ноччу па паўночна-заходняй палове, раніцай і днём у многіх раёнах краіны і Менскай вобласці чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15—20 м/с.

У Менску 4 студзеня ноччу і ў першай палове дня чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15—20 м/с, днём моцны снег. 5 студзеня ўзмацненне ветру парывамі да 15—18 м/с.

БелаПАН