Сітуацыя з COVID-19 у Беларусі стабілізавалася
Сітуацыя з COVID-19 у Беларусі стабілізавалася, заявіў міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч на брыфінгу ў Савеце міністраў 3 лютага.
„Мы канстатуем стабілізацыю эпідпрацэсу ў Беларусі і Расеі. Зразумела, што Беларусь значна меншая краіна, але ва ўсіх рэгіёнах краіны эпідпрацэс паказвае меншую інтэнсіўнасць”, — цытуе Піневіча прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.
Паводле слоў чыноўніка, сёння на сустрэчы ў беларускім урадзе абмяркоўвалася ўзаемадзеянне з Расеяй у плане вакцын супраць каронавірусу. Гаворка ішла не толькі пра „Спадарожнік V”, але і пра іншыя расейскія распрацоўкі.
Акрамя таго, абмяркоўвалася ўзаемадзеянне Беларусі і Расеі пры перасячэнні мяжы з выкарыстаннем дадатку „Падарожнічаю без COVID-19”, а таксама ў межах Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і іншых міжнародных структур.
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, за мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.711 выпадкаў COVID-19, памерлі 9 чалавек з каронавіруснай інфекцыяй.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, пасля чатырох дзён паступовага зніжэння захворвання, за суткі колькасць новых выпадкаў COVID-19 значна вырасла — 2 лютага іх было 699. Рэкорд захворвання прыпаў на 12 снежня 2020 года — 1.975 хворых.
Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 251.705, памерла 1.746 пацыентаў з каронавірусам. Паправіўся 239.191 чалавек.