Сітуацыя з каронавірусам на Берасцейшчыне
Па раёнах Берасцейскай вобласці пачала з’яўляцца статыстыка па каронавіруснай інфекцыі. Агульных лічбаў па вобласці няма дванаццаты дзень запар. Але судзячы па агульнарэспубліканскай статыстыцы, гаворка ідзе пра сотні новых хворых.
Пра сітуацыю на Берасцейшчыне распавядае наш карэспандэнт Аліса Поль:
– На дадзены момант вядома, што ў Пружанскім раёне дзесяць чалавек маюць каронавірус. Пнеўманію – толькі адзін. Такія дадзеныя агучыў галоўны лекар пружанскай раённай цэнтральнай лякарні Віктар Дараневіч. Пры гэтым шпіталізаваны толькі адзін чалавек, астатнія знаходзяцца дома на самаізаляцыі.
У Столінскім раёне колькасць станоўчых тэстаў на COVID-19 склала больш за сотню. У той жа час пнеўманію маюць амаль што сто пяцьдзясят пацыентаў. Рэгіён з’яўляецца адным з лідараў у Берасцейскай вобласці па каронавірусным інфекцыям.
Таксама з’явілася інфармацыя пра ўспышку каронавірусу ў Берасцейскім раёне ў вёсцы Страдзеч. Тут патэнцыйна каронавірус пасля вяселля маглі падхапіць адразу тры-чатыры дзясяткі чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце