Сітуацыя з каронавіруснай інфекцыяй у Лунінцы
Дзясяткі, а мо і сотні людзей хварэюць на пнеўманіі, пачынаюць насіць маскі, з’яўляюцца санітайзеры ў крамах, масавыя мерапрыемствы не адмененыя. Так выглядае сітуацыя з каронавіруснай інфекцыяй у Лунінцы, што ў берасцейскай вобласці, – адзначыў мясцовы жыхар спадар Юры:
– Жыву ў горадзе Лунінец. Вірус у нас пачаўся, калі захварэла загадчыца «Еўраопта», першая ахвяра. Звярнулася да лунінецкіх лекараў, якія не былі асабліва падрыхтаванымі, і паехала ў выніку ў Менск. Там пацвердзілі каронавірус, быццам вылечылася, але – на каранціне. І потым пайшло-паехала, ужо ў Лунінцы вельмі шмат стала. Паміраюць, учора пахавалі чацвярых. Лекаў няма, намагаюцца лекаваць пнеўманію, самі ў паніцы – не падрыхтаваныя лекары.
Інфармацыя па Лунінецкаму раёну, як і па іншых адміністратыўных адзінках Берасцейскай вобласці, закрытая. На Берасцейшчыне апошняя афіцыйна агучаная лічба ад 30 красавіка – каля 850 станоўчых тэстаў Ковід-19.
Беларускае Радыё Рацыя