Сітуацыя з каронавіруснай інфекцыяй у Беларусі застаецца напружанай



Сітуацыя з каронавіруснай інфекцыяй у Беларусі застаецца напружанай. Так можна меркаваць з асобных паведамленняў, пераважна з лакальных СМІ, паколькі Міністэрства аховы здароўя ўжо больш за паўгода не падае ніякай інфармацыі па рэгіёнах. Пра гэта – у сённяшнім каментары Яны Запольскай.

Калі казаць пра агульныя лічбы, то па стане на 25 студзеня нам паведамілі пра 1 024 новыя выпадкі заражэння. Гэта значна менш чым, у папярэднія дні, калі фіксавалася не менш за 1 700 выпадкаў, што можна патлумачыць выходнымі днямі: выконваецца меншая колькасць тэстаў, адпаведна змяншаецца і колькасць выяўленых выпадкаў. Дарэчы, паведамляецца, што за суткі выканалі больш за 9,5 тысяч тэстаў, а гэта значыць, што прыблізна кожны дзясяты з тых, хто здаваў тэст, аказаўся заражаным каронавірусам. За перадапошнія суткі ад наступстваў Ковід-19 памерлі сем чалавек, такім чынам агульная колькасць смяротных выпадкаў склала 1 658.

Што тычыцца рэгіёнаў, то акурат з’явіліся кароткія і далёка няпоўныя інфармацыі з Гародні і Берасця. Так кіраўнік горада над Бугам Аляксандр Рагачук у сваім тэлеграм-канале напісаў наступнае: сітуацыя з кавідам у Берасці застаецца напружанай, але кантраляванай. Ён паведаміў, што з сярэдзіны снежня ў горадзе адзначаецца змяншэнне колькасці захворванняў. Таму вырашылі адмяніць некаторыя абмежаванні ў рабоце ўстаноў грамадскага харчавання пасля 23-й гадзіны.  Але разам з тым, падкрэслівае Рагачук, сітуацыя застаецца даволі напружанай.  Да таго ж у лютым традыцыйна актывізуецца вірус грыпу. Таму варта быць пільнымі і захоўваць усе меры перасцярогі. Ніякіх канкрэтных лічбаў, колькі чалавек хварэе на Ковід-19 у горадзе, колькі з іх да прыкладу педагогаў, колькі з іх патрабуюць падключэння да апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх – мы надалей не ведаем.

Прыкладна ў гэты самы час Гарадзенскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі расказаў пра каронавірус у Гародні і раёне. Пра гэта піша “Вячэрні Гродна”. Адзначаецца, што сітуацыя па гэтай небяспечнай інфекцыі застаецца неспрыяльнай. Кожны тыдзень рэгіструецца дастаткова высокі ўзровень тых, хто захварэў, а з 11 па 17 студзеня зафіксавалі нават пагаршэнне эпідэміялагічнай сітуацыі, бо падчас святаў людзі больш камунікавалі, наведвалі крамы, пачаліся заняткі ў школах пасля зімовых канікул. Далі і крыху лічбаў. Так, у 70-ці працэнтах выпадкаў Ковід-19 працякае даволі цяжка, да прыкладу, развіваюцца пнеўманіі. Але поўнай статыстыкі няма. То бок яна ёсць, толькі нам яе не паведамляюць, што ў сваю чаргу параджае розныя чуткі. Так падчас апошняй у мінулым годзе паездкі ў Гародню я пачула, што моргі – перапоўненыя, а воркі з целамі ляжаць паўсюль, нават у калідорах. І да канца невядома, ці гэта праўда. Выснова простая: адсутнасць рэальнай, верагоднай інфармацыі дае шырокую прастору для людскіх разважанняў, страхаў і перасцярог. Але казаць праўду – гэта не пра дзейныя ўлады.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя