Сітуацыя з навучаннем па-польску ў Гародні можа палепшыцца



Спадзеў у гарадзенскіх палякаў выклікае інфармацыя пра тое, што пытанне адукацыі нацыянальных меншасцяў у Польшчы і Беларусі будзе вырашаць сумесная беларуска-польская камісія з удзелам прадстаўнікоў грамадскіх арганізацыяў. Кажа Тэрэса Крышынь – віцэ-старшыня грамадскага аб’яднання „Польская Маці Школьная”.

Нам вельмі хацелася б, каб прадстаўнік нашага грамадскага аб’яднання паўдзельнічаў у сустрэчах гэтай камісіі. Гэта было б нейкім такім зваротам да тых спатканняў, якія адбываліся ў мінулым. Бо на ўсіх сустрэчах, якія былі, я асабіста прысутнічала – ці яны адбываліся ў Беларусі, ці яны адбываліся ў Польшчы. Заўсёды выглядала так: быў адзін прадстаўнік польскай нацыянальнай меншасці з Беларусі і прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Як наглядальнікі мы прысутнічалі.

Калі ў Беларусі ў цэлым сёлета адкрылася новых тры польскія класы, то складанай застаецца сітуацыя з магчымасцю навучацца па-польску ў Гародні. Дзевяцёра дзяцей не дабраны ў польскія класы гарадзенскай польскай школы, бо існуючыя два класы набралі па 30 дзяцей. А набор у трэці клас адміністрацыя школы не рабіла.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота polskieradio.pl