Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Студзень 2019
Высновы:
– на пачатак 2019 года ў месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны;
– крымінальная справа ў дачыненні да галоўнай рэдактаркі незалежнага інфармацыйнага партала TUT.BY Марыны Золатавай, распачатая па ч. 2 арт. 425 КК (бяздзейнасць службовай асобы), была перададзеная ў суд Заводскага р-на г. Мінска, дзе 12 лютага пачнецца разгляд справы;
– 26 студзеня ўступілі ў сілу змены ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах”, якія ўвялі паведамляльны парадак правядзення некаторых (статычных) відаў масавых мерапрыемстваў у спецыяльна вызначаных мясцовымі выканаўчымі органамі ўлады месцах. На думку праваабарончай супольнасці краіны, дадзеныя змены істотным чынам не змяняюць сітуацыю з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў;
– працягваўся пераслед журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі;
– на працягу студзеня зафіксаваныя выпадкі прыцягнення грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд так званых “экстрэмісцкіх матэрыялаў”, у тым ліку ў інтэрнэце. У большасці выпадкаў гэта з’яўлялася неправамерным і непрапарцыйным абмежаваннем свабоды выказвання меркаванняў;
– 9 студзеня Магілёўскі абласны суд вынес першы у 2019 годзе смяротны прысуд 36-гадоваму жыхару г. Бабруйска Аляксандру Асіповічу;
– істотных паляпшэнняў сітуацыі з правамі чалавека ў студзені зафіксавана не было.