Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Кастрычнік 2020
Высновы:
- на працягу месяца ўлады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны пераслед грамадзянаў па палітычных матывах. У месцах несвабоды знаходзіцца 101 палітвязень, іх колькасць працягвае павялічвацца. Агульная ж колькасць грамадзян, у дачыненні да якіх былі ўзбуджаныя крымінальныя справы ў выбарчы і пост-выбарчы перыяд, склала больш за 700 чалавек;
- вызваленне з-пад варты сямі палітычных зняволеных, якія прымалі ўдзел у шырока анансаваным дзяржаўнымі СМІ «круглым стале» з удзелам А. Лукашэнкі ў СІЗА КДБ, істотным чынам не змяніла рэпрэсіўную палітыку, якая праводзіцца ўладамі краіны, і мела відавочна прапагандысцкі характар;
- улады працягвалі практыку гвалтоўнага спынення мірных дэманстрацый пратэсту і прымянення гвалту ў дачыненні да іх удзельнікаў;
- агульная колькасць грамадзян, затрыманых за ўдзел у сходах на працягу месяца склала не менш за 3 000 чалавек. Такім чынам, агульная колькасць затрыманых за ўдзел у мірных сходах з пачатку выбарчай кампаніі склала больш за 16 000 чалавек;
- 2 кастрычніка валанцёру ПЦ „Вясна” Андрэю Чапюку было прад’яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках). Як і раней затрыманая праваабаронца ПЦ „Вясна” Марфа Рабкова, ён знаходзіцца пад вартай у СІЗА № 1 г. Мінска. Цягам месяца былі зафіксаваныя і іншыя факты ціску на праваабаронцаў у сувязі з ажыццяўленнем iмi праваабарончай дзейнасці, а таксама ціск на адвакатаў, якія бяруць удзел у палітычна матываваных крымінальных працэсах;
- органамі пракуратуры і Следчым камітэтам так і не была ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы па фактах сістэмных і масавых катаванняў затрыманых грамадзян у перыяд з 9 па 12 жніўня 2020 г. У той жа час прадстаўнікі сілавых структур працягваюць ужываць катаванні і жорсткае, бесчалавечнае, прыніжальнае абыходжанне ў дачыненні да затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту;
- у сувязі з пачаткам забастовак або спробаў іх правядзення ўзмацніўся ціск уладаў на грамадзян, які актыўна прымаюць у іх удзел альбо заклікаюць да iх правядзення. Адзначаны выпадкі звальненняў з працы і выключэння з навучальных устаноў актыўных удзельнікаў страйкавага руху;
- у цэлым, эксперты ПЦ „Вясна” адзначаюць далейшае ўзмацненне рэпрэсій і яшчэ большае пагаршэнне крызісу правоў чалавека ў краіне.
Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
Крымінальны пераслед грамадзян з’яўляецца адным з асноўных відаў рэпрэсіяў, якія ўжываюцца ўладамі Беларусі ў перыяд выбараў і ў пост-выбарчы перыяд.
На працягу кастрычніка ўлады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны пераслед грамадзянаў па палітычных матывах, што сведчыць аб працягу вострай фазы крызісу з правамі чалавека ў краіне.
Органы следства працягваюць узбуджаць крымінальныя справы па арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). Варта нагадаць, што эксперты ПЦ „Вясна” неаднаразова адзначалі, што не згодныя з кваліфікацыяй дэманстрацый 9-12 жніўня як масавых беспарадкаў, паколькі дэманстранты не здзяйснялі дзеянняў, якія складаюць дыспазіцыю арт. 293 КК (падпалы, пагромы, знішчэнне маёмасці), не ажыццяўлялі збройнага супраціву супрацоўнікам міліцыі.
1 кастрычніка абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 КК было прад’яўлена актывістам “Еўрапейскай Беларусі” Андрэю Войнічу, Яўгену Афнагелю і Паўлу Юхневічу.
Таксама крымінальныя справы актыўна ўзбуджаліся і па арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
7 кастрычніка праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі адразу 20 фігурантаў крымінальных справаў па арт. 293 і 342 КК палітычнымі вязнямі.
10 кастрычніка ў СІЗА КДБ адбыўся «круглы стол» А. Лукашэнкі з шэрагам палітычных зняволеных. На сустрэчы прысутнічалі Віктар і Эдуард Бабарыкі, адвакаты Максім Знак і Ілля Салей, вядомы блогер Сяргей Ціханоўскі і іншыя.
Дзяржаўныя СМІ паспрабавалі прадставіць гэтую сустрэчу як своеасаблівы дыялог Лукашэнкі са сваімі палітычнымі апанентамі з нагоды правядзення шырока анансаванай уладамі канстытуцыйнай рэформы.
Пасля сустрэчы на працягу некалькі дзён з СІЗА КДБ пад хатні арышт былі вызваленыя сямёра палітычных зняволеных, якія прымалі ўдзел у сустрэчы, у тым ліку сябры Каардынацыйнай рады Ілля Салей і Лілія Уласава.
Усяго ж, па дадзеных Генеральнага пракурора, толькі за вулічныя пратэсты і супраціў міліцыі была ўзбуджаная больш за 650 крымінальных спраў, а ўсяго колькасць узбуджаных спраў па палітычных матывах, паводле ацэнак ПЦ „Вясна”, перавысіла 700. ПЦ „Вясна” вядомыя прозвішчы больш за 400 чалавек, 101 з іх ужо прызнаныя палітвязнямі беларускай праваабарончай супольнасцю.
Праваабарончыя арганізацыі Беларусі працягваюць патрабаваць ад уладаў Беларусі неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў, а таксама спынення рэпрэсій у краіне.
Ціск на праваабаронцаў
У Салігорску 6 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі затрымалі праваабаронцу, сябра Беларускага Хельсінкскага камітэта Леаніда Мархотку.
Як паведамілі «Вясне» сваякі затрыманага, Мархотка ў аўторак вечарам на ровары накіроўваўся ў бок хаты. Яго спынілі і разам з роварам забралі ў аўтамабіль. Суд прыцягнуў яго да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе арышту тэрмінам на 10 сутак па арт. 23.34 КаАП (арганізацыя альбо ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Варта адзначыць, што гэта не першы выпадак пераследу Леаніда Мархоткі ў сувязі з ажыццяўленнем ім праваабарончай дзейнасці ў пост-выбарчы перыяд. За няпоўныя два месяцы, якія прайшлі пасля прэзідэнцкіх выбараў, на якіх Леанід Мархотка быў доўгатэрміновым назіральнікам кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” ад РПГА „Беларускі Хельсінкскі камітэт”, ён адбыў 30 сутак адміністрацыйнага арышту.
2 кастрычніка ў г. Мінску супрацоўнікамі ГУБАЗіК быў затрыманы валанцёр ПЦ „Вясна” Андрэй Чапюк. Па месцы яго жыхарства прайшоў ператрус. 9 кастрычніка Андрэю было прад’яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках) і абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту ў СІЗА № 1 г. Мінска.
Трэба адзначыць, што на працягу ўсёй прэзідэнцкай кампаніі і пасля выбараў сябры ПЦ „Вясна” сутыкаліся з ціскам і пераследам з боку дзейнай улады: крымінальным пераследам, адміністрацыйнымі арыштамі і затрыманнямі, блакаваннем сайта арганізацыі.
Нагадаем, што 17 верасня супрацоўнікамі ГУБАЗіК была затрыманая і ўзятая пад варту сяброўка ПЦ „Вясна” і каардынатарка валанцёрскай службы „Вясны” Марфа Рабкова. 25 верасня ёй было прад’яўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. З тых часоў Марфа знаходзіцца ў СІЗА № 1 г. Мінска.
15 кастрычніка ў цэнтры Мінска з 14.00 праходзіў “Марш людзей з інваліднасцю”. Пры ажыццяўленні назірання за дадзеным мерапрыемствам супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы юрыст праваабарончай арганізацыі Офіс па правах людзей з інваліднасцю Алег Граблеўскі і пазней падвергнуты судом адміністрацыйнаму арышту на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным сходзе.
Уся дзейнасць праваабаронцаў насіла выключна мірны, праваабарончы характар і была накіравана на дапамогу людзям, якія былі рэпрэсаваныя за свае палітычныя погляды і перакананні, за абарону сваіх правоў.
Праваабарончы цэнтр „Вясна” і РПГА „Беларускі Хельсінкскі камітэт” правялі прэс-канферэнцыю «Права на абарону і адвакаты ва ўмовах крызісу правоў чалавека ў Беларусі». Асноўнымі тэмамі размовы сталі ацэнка рэалізацыі права на абарону і стан інстытута адвакатуры ва ўмовах вострага крызісу з правамі чалавека ў краіне, супрацьстаянне і перашкоды аказанню прававой дапамогі грамадзянам, факты ціску і пераследу ў сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю.
Парушэнне права на мірныя сходы
Паводле звестак МУС, толькі ў дні правядзення пратэстных акцый у выхадныя і 26 кастрычніка — дзень пачатку абвешчанай Святланай Ціханоўскай агульнанацыянальнай забастоўкі — былі затрыманыя больш за дзве з паловай тысяч іх удзельнікаў і ўдзельніц. Каля 2 000 з іх утрымліваліся ў ізалятарах. Па дадзеных ПЦ „Вясна”, у кастрычніку былі разгледжаны адміністрацыйныя справы 1 868 чалавек; з іх вядома аб накладзеных на 979 чалавек 993 штрафах у суме на 13 596 базавых велічыняў, што складае каля 370 тысяч беларускіх рублёў; 474 чалавек 486 разоў атрымалі адміністрацыйны арышт у суме на 5 907 сутак.
Затрыманні адбываюцца не толькі на акцыях: у працоўныя дні ў кватэры людзей прыходзяць з міліцыі, якая затрымлівае грамадзян і абшуквае іх жыллё.
Такім чынам, працягваецца паўсюднае грубае парушэнне ўладамі свабоды мірных сходаў, удзельнікі якіх падвяргаюцца гвалту, а пасля незаконным санкцыям за парушэнне неабгрунтаваных забаронаў.
12 кастрычніка, пачынаючы з 15 гадзін, у Мінску і іншых гарадах праходзіў “Марш пенсіянераў”. Каля станцыі метро „Акадэмія Навук” супраць пратэстоўцаў былі ўжытыя газ, святлошумавыя гранаты і іншыя спецсродкі. Таксама спецсродкі ўжывалі супраць медыкаў і студэнтаў, якія выйшлі на акцыі салідарнасці. Вечарам у розных частках сталіцы адбыліся затрыманні. «Вясне» вядома пра больш за 120 затрыманых удзельнікаў.
Пераслед журналістаў
3 кастрычніка стала вядома, што ў Гомелі людзі з міліцыі затрымалі галоўную рэдактарку сайта „Моцныя навіны” Ганну Якштас і яе мужа Дзяніса, які таксама працуе ў рэдакцыі, а ў іх доме адбыўся ператрус. Пасля заканчэння ператрусу з хаты забралі ўсю тэхніку, а Ганну і Дзяніса адвезлі ў РАУС; дома засталіся непаўналетнія дзеці.
У Мінску каля 18 гадзін быў затрыманы відэааператар выдання «Новы Час» і Зялёнага партала Аляксандр Вялітчанка. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі па ч. 1 арт. 23.34 КаАП, нягледзячы на тое, што журналіст мае пасведчанне пазаштатнага карэспандэнта газеты «Новы Час». Справу журналіста разгледзела суддзя Вікторыя Шабуня, вядомая карнымі рашэннямі ў дачыненні да журналістаў і грамадскіх актывістаў, і пакарала яго адміністрацыйным арыштам на 10 сутак.
Адвольным арыштам падвергнуты супрацоўнікі «БелаПАН» і Tut.by Вадзім Заміроўскі і Усевалад Зарубін, Арцём Маёраў („Беларусы і рынак”) і Алесь Любянчук («Белсат»), Дар’я Спевак з «Онлайнера».
Беларуская асацыяцыя журналістаў, Прэс-клуб і асацыяцыя „Аб’яднаныя масмедыя” выступілі з сумеснай заявай, у якой патрабуюць расследаваць усе выпадкі парушэння правоў журналістаў, а таксама адмовіцца ад практыкі адвольных затрыманняў журналістаў падчас выканання імі прафесійных абавязкаў. З 9 траўня па 12 кастрычніка зафіксавана больш за 400 парушэнняў правоў журналістаў, паведамляецца ў заяве.
30 верасня каля ЦІП ГУУС ў Мінску была адвольна затрыманая журналістка і праваабаронца Марына Кастылянчанка.
Смяротнае пакаранне
З нагоды Міжнароднага дня супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца ў свеце 10 кастрычніка, кампанія „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” ўжо ў восьмы раз правялі адукацыйна-асветніцкі Тыдзень супраць смяротнага пакарання. Сёлета Тыдзень, якая доўжыўся з 5 па 10 кастрычніка, праходзіў пад лозунгам „Смяротнае пакаранне — элемент сістэмы гвалту”.
Фестываль „Рок за жыццё. Музыкі за ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне” сёлета прайшоў у анлайн-фармаце ў Міжнародны дзень супраць смяротнага пакарання – 10 кастрычніка. На адной сцэне сабраліся беларускія гурты і выканаўцы: NIZKIZ, Дай Дарогу!, Петля Пристрастия, Лера Яскевіч, Уладзімір Пугач, Tor Band і Разбітае сэрца пацана.
Свабода выказвання меркаванняў
Працягвалася частковае блакаванне сайта ПЦ „Вясна”. Міністэрства інфармацыі не называе канкрэтных падставаў для такіх дзеянняў, абмежаваўшыся спасылкай на апавяшчэнне ААЦ. Таксама заблакавана некалькі незалежных сайтаў, у тым ліку сайт незалежнага навінавага агенцтва БелаПАН.
20 кастрычніка суд Цэнтральнага раёна г. Мінска па ініцыятыве ГУБАЗіК МУС прызнаў Telegram-канал NEXTA-Live і лагатып (лічбавы вадзяны знак) NEXTA экстрэмісцкімі матэрыяламі.
У верасні Міністэрства інфармацыю падало пазоў аб пазбаўленні TUT.BY статусу СМІ і прыпыніла гэты статус на тры месяцы — з 1 кастрычніка па 30 снежня 2020 года. У Вярхоўным Судзе слухаецца грамадзянская справа па скарзе СМІ на папярэджанні, якія былі адвольна вынесеныя за нязначныя памылкі ў матэрыялах на сайце.
Катаванні, жорсткае, бесчалавечнае, прыніжальнае абыходжанне
У чацвер, 8 кастрычніка, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый прэзентавалі даклад „Беларусь пасля выбараў”, які змяшчае інфармацыю аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў поствыбарчы перыяд. Спецыялісты сфакусаваліся на правах чалавека на жыццё, асабістую свабоду і гуманнае абыходжанне, а таксама на волі ад катаванняў. Таксама ў дакладзе закрануты факты парушэнняў правоў журналістаў і дзяцей.
Прымяненне катаванняў і жорсткага абыходжання супрацоўнікамі МУС не спыняюцца: 41-гадовага скульптара з Фаніпаля Дзмітрыя Чарнышова затрымалі ўвечары 7 кастрычніка, калі ён маляваў на прыпынку каля горада чырвоную лінію. Яго збілі, распылілі газ пры затрыманні, патрабавалі на камеру прызнацца, колькі яму плацяць, і хто арганізатар, а потым асудзілі на 135 рублёў штрафу і 5 сутак арышту. Дзмітрый распавёў «Вясне» пра сваё затрыманне, збіццё і пагрозы.
Пяць 17-гадовых студэнтаў сталічнага ўніверсітэта былі затрыманыя 27 кастрычніка пасля акцыі салідарнасці з студэнтамі ў дворыку БДУ паміж юрфакам і хімфакам. Чацвёра з іх былі жорстка збітыя сілавікамі ў міліцэйскім аўтобусе, пасля чаго ў лякарні ўсім дыягнаставалі страсення галаўнога мозгу, а некаторым — чэрапна-мазгавыя траўмы, пералом носа і іншыя траўмы. На чатырох студэнтаў у Кастрычніцкім РУУС былі складзеныя пратаколы па двух артыкулах КаАП: 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў). Студэнт і студэнтка распавялі «Вясне», як яны сутыкнуліся з жорсткасцю сілавікоў.
Людзі, якія адбывалі адміністрацыйны арышт за рэалізацыю асноўных правоў, адзначалі бесчалавечныя ўмовы свайго ўтрымання, якія прадстаўнікі МУС наўмысна арганізоўвалі ім у ізалятарах.