СК адмовіўся праводзіць праверку па фактах масавых затрыманняў журналістаў
Следчы камітэт адмовіўся праводзіць праверку па факце масавых затрыманняў журналістаў 27 жніўня ў Менску і Берасці на падставе адпаведнага звароту кіраўніцтва грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў», паведамляе прэс-служба БАЖ.
28 жніўня асацыяцыя звярнулася ў СК з заявай на імя кіраўніка ведамства Івана Наскевіча, у якой запатрабавала распачаць крымінальную справу па арт. 198 КК (перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста) у сувязі з тым, што 27 жніўня на сталічных плошчах Свабоды і Незалежнасці, праспекце Незалежнасці, а таксама ў Берасці супрацоўнікамі органаў унутраных спраў былі ажыццёўленыя затрымання дзясяткаў супрацоўнікаў СМІ, у тым ліку замежных.
«Названыя журналісты асвятлялі грамадска-палітычнае жыццё ў нашай краіне, – гаварылася ў заяве. – Большасць затрыманых было дастаўлена ў РУУС Кастрычніцкага раёна Менска. У дачыненні да большасці пратаколы затрыманняў не складаліся, правы затрыманых не тлумачыліся. Супрацоўнікамі міліцыі ў адвольным парадку знішчаліся зыходныя матэрыялы здымак, якія ўяўляюць сабой інтэлектуальную ўласнасць журналістаў і СМІ. Усё гэта суправаджалася пагрозамі пашкоджання або знішчэння прафесійнай тэхнікі журналістаў».
10 верасня на сайце БАЖ была апублікаваная фотакопія датаванага 3 верасня адказу на заяву за подпісам начальніка аддзела па працы са зваротамі грамадзян цэнтральнага апарата СК Жукоўскага. У ім гаворыцца, што «выкладзеная ў звароце інфармацыя па сутнасці носіць абстрактны характар, у сувязі з чым падстаў для правядзення Следчым камітэтам праверак і прыманне рашэнняў па дадзеным звароце няма».
Разам з тым Жукоўскі паведаміў, што копія звароту «накіраваная для арганізацыі разгляду ў Міністэрства ўнутраных спраў».
Беларускае Радыё Рацыя