СК адмовіўся выдаць копіі дакументаў па справе Дзмітрыя Завадскага
Следчы камітэт адмовіў удаве тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага ў выдачы копій працэсуальных дакументаў па крымінальнай справе пра яго знікненне ў 2000 годзе, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).
Свае хадайніцтвы, падкрэсліваюць у БАЖ, Святлана Завадская абгрунтавала той акалічнасцю, што ў адпаведнасці з законам яна прызнаная пацярпелай па крымінальнай справе па факце знікнення мужа і мае права ва ўстаноўленым парадку ўдзельнічаць у крымінальным пераследзе абвінавачанага і атрымліваць ад органа, які вядзе крымінальны працэс, паведамленні пра прыняццё рашэнняў, што закранаюць яе інтарэсы, а таксама атрымліваць копіі гэтых рашэнняў.
У прыватнасці ў хадайніцтвах, накіраваных у СК у сакавіку і красавіку, яна прасіла паведаміць, ці аднаўлялася прыпыненае ў 2006 годзе папярэдняе расследаванне крымінальнай справы пра знікненне Завадскага, і калі не аднаўлялася, то на якіх падставах, а таксама выдаць копіі пастаноў з матэрыялаў справы.
Копіі працэсуальных дакументаў неабходныя Завадскай для абскарджання дзеянняў (бяздзейнасці) органа крымінальнага пераследу, удакладняюць у БАЖ.
У адказах, атрыманых з СК 11 красавіка і 16 траўня, сказана, што вытворчасць па крымінальнай справе прыпыненая, а законам не прадугледжанае права пацярпелага атрымліваць копіі названых працэсуальных дакументаў.
Паводле інфармацыі журналісцкай арганізацыі, атрыманыя адказы Завадская мае намер абскардзіць старшыню Следчага камітэта Івану Наскевіч і генеральнаму пракурору Аляксандра Канюка.
Беларускі тэлеаператар, карэспандэнт расейскага ОРТ (цяпер — Першы канал) Дзмітрый Завадскі бясследна знік у Беларусі 7 ліпеня 2000 года. На той момант яму было 27 гадоў.
З 1994 па 1997 гады Завадскі працаваў у аператарскім пуле Аляксандра Лукашэнкі, пасля стаў працаваць на ОРТ. Вясной 1997 года ён разам з карэспандэнтам ОРТ Паўлам Шараметам быў арыштаваны і абвінавачаны ў незаконным перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы падчас здымак рэпартажу, яго ўмоўна асудзілі на паўтара года пазбаўлення волі. З кастрычніка 1999 года па май 2000-га Завадскі працаваў у Чачні, дзе з Шараметам здымаў фільм „Чачэнскі дзённік”.
Раніцай 7 ліпеня 2000 года Завадскі выехаў з дома ў нацыянальны аэрапорт Менск сустракаць Шарамета, які прылятаў з Масквы. З таго часу аператара ніхто не бачыў. Яго аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце.
У 2002 годзе Менскі абласны суд прызнаў вінаватай у выкраданні Завадскага групу былога байца спецпадраздзялення МУС „Алмаз” Валерыя Ігнатовіча, які сустракаўся з Завадскім ў Чачні. Ігнатовіч, а таксама прызнаны вінаватым у выкраданні Максім Малік асуджаныя на пажыццёвае зняволенне. У сакавіку 2004 года пракуратура прыпыніла расследаванне справы аб выкраданні Завадскага „ў сувязі з неадшуканнем без вестак зніклай асобы”. У 2005 годзе расследаванне было адноўленае, але ў красавіку 2006-га зноў прыпыненае.