СК пачаў крымінальную справу па факце смерці нованароджаных дзяцей у Беразіне



Упраўленне Следчага камітэта па Менскай вобласці пачало крымінальную справу па факце смерці нованароджаных дзяўчынак у Беразіне, паведамляе прэс-служба СК.

Справа распачатая па факце прычынення смерці па неасцярожнасці маці двум нованароджаным дзецям (ч. 2 арт. 144 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Як паведамлялася, 28 верасня ў рэанімацыі раённай бальніцы пасля хатніх родаў памерла 29-гадовая жыхарка Беразіны. Жанчына не стаяла на ўліку па цяжарнасці і не звярталася па медыцынскую дапамогу. Дома яна нарадзіла дзвюх дзяўчынак. Падчас агляду кватэры следчыя знайшлі ў ванным пакоі дзяцей без прыкмет жыцця.

Паводле папярэдніх дадзеных экспертаў, дзеці нарадзіліся жывымі. Дакладная прычына іх смерці будзе вызначана пасля лабараторных даследаванняў, правядзенне якіх даручана экспертам упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Менскай вобласці.

Расследаванне працягваецца. Следчыя збіраюць характарызуючыя матэрыялы, вывучаюць канфіскаваныя медыцынскія дакументы і аб’екты, неабходныя для высвятлення ўсіх магчымых фактараў паводзінаў жанчыны.

На падставе сабраных дадзеных следства ініцыюе пасмяротную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу жанчыны, паведамляе прэс-служба СК.

БелаПАН