СК пачаў крымінальную справу за пашкоджанне помнікаў у Курапатах



Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па факце пашкоджання мемарыяльных аб’ектаў, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Як паведамляе прэс-служба ведамства, 23 сакавіка 2019 года ў міліцыю паступіла паведамленне аб тым, што на тэрыторыі месца пахавання ахвяр палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты фарбай нанесены надпісы на мемарыяльных аб’ектах. Следча-аператыўнай групай, якая прыбыла на месца здарэння, праведзены агляд месца здарэння, зафіксаваны і канфіскаваны сляды. Па выніках праверачных мерапрыемстваў распачатая справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 344 Крымінальнага кодэкса.

У рамках справы прызначаны шэраг экспертыз. Комплекс следчых і працэсуальных дзеянняў, накіраваных на ўстанаўленне фактычных акалічнасцяў здарэння, працягваецца. Органу дазнання дадзены даручэнні аб правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў па ўстанаўленні асоб, якія маюць дачыненне да супрацьпраўных дзеянняў.

З пачатку года гэта ўжо трэцяя справа, пачатая па ч. 1 арт. 344 КК па фактах вандалізму ў Курапатах.

15 студзеня справа пачатая з-за пашкоджання „Крыжа пакуты”, 5 лютага — з-за амаль поўнага знішчэння невядомымі мемарыяльнай лавы, устаноўленай падчас візіту ў 1994 годзе прэзідэнта ЗША Біла Клінтана.

belapan.by

Фота Дзяніса Урбановіча