СК пачаў справу за парэзаныя шыны машын сям’і Мікалая Статкевіча



Следчы камітэт распачаў справу па факце парэзаных шын двух аўтамабіляў, на якіх ездзяць апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч і яго жонка Марына Адамовіч, у двары іх прыватнага дома ў Менску.

Парэзаныя шыны на сямі колах двух аўтамабіляў Адамовіч выявіла вечарам 25 сакавіка, калі збіралася ехаць у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна, каб сустрэць адпушчанага на свабоду Статкевіча. „Магу выказаць здагадку, што шыны парэзалі ў ноч з 24 на 25 сакавіка, калі ў дзве-тры гадзіны я пачула шум, выйшла на вуліцу, але ўжо нікога не ўбачыла”, — паведаміла БелаПАН Адамовіч.

26 сакавіка Адамовіч выклікала міліцыю. „Яны былі ў нас чатыры гадзiны, з’язджалі, а потым вярнуліся, напісалі шмат нейкіх папер”, — сказала яна.

Сёння Адамовіч патэлефанавалі са Следчага камітэта. „Паведамілі, што па гэтай справе мы прызнаныя пацярпелымі. Настойліва запрашалі прыйсці на допыт. Пры гэтым, мяркуючы па адрасе, гэта нават не Следчы камітэт Ленінскага раёна, на тэрыторыі якога мы жывём, а галаўны офіс камітэта”, — адзначыла яна.

Пакуль Адамовіч ехаць у Следчы камітэт не плануе, бо хварэе. Статкевіч таксама адмовіўся ад наведвання СК.

Статкевіч быў затрыманы прыкладна ў 11 гадзін 25 сакавіка каля свайго дома, калі збіраўся ісці на плошчу Якуба Коласа для ўдзелу ў шэсці, якое не было санкцыянавана Менгарвыканкамам. Акцыя ў выніку не адбылася, паколькі людзей, якія прыйшлі, затрымлівала міліцыя. Вечарам 25 сакавіка Статкевіча адпусцілі на волю.

БелаПАН