СК пакуль не пацвярджае інфармацыю пра затрыманне Ізраілевіча



У Следчым камітэце не пацвярджаюць інфармацыю пра затрыманне Аркадзя Ізраілевіча.

У той жа час афіцыйны прадстаўнік Камітэта дзяржбяспекі Андрэй Яраш заявіў БелаПАН, што яго ведамства бізнесмена не затрымлівала.

Як паведаміў сайт nn.by, Ізраілевіч быў затрыманы 30 кастрычніка паводле падазрэння ў спробе даць хабар для вырашэння „будаўнічых пытанняў”.

Бізнесмен стаў вядомы шырокай публіцы ў сувязі са скандалам вакол рэстараннага комплексу „Поедем поедим”, пабудаванага каля ўрочышча Курапаты, у яго былой ахоўнай зоне. У верасні Ізраілевіч прайграў суд газеце „Новы час”, якая апублікавала журналісцкае расследаванне на тэму будаўніцтва комплексу.

З 31 траўня апазіцыя праводзіць ля ўваходу ў рэстаран акцыі пратэсту.