СК працягнуў расследаванне знікнення Юрыя Захаранкі
Следчы камітэт працягнуў расследаванне знікнення былога міністра ўнутраных спраў Беларусі, члена Аб’яднанай грамадзянскай партыі Юрыя Захаранкі да 24 верасня.
Гэта вынікае з адказу начальніка аддзела СК Юрыя Вараўкі, які атрымаў праваабаронца Алег Волчак, што прадстаўляе інтарэсы сям’і палітыка. Копія дакумента, датаванага 29 чэрвеня, знаходзіцца ў распараджэнні БелаПАН.
Раней Волчак заяўляў БелаПАН, што праз 19 гадоў пасля знікнення Захаранкі „не відаць перспектыў” расследавання адпаведнай крымінальнай справы. „Зменаў ніякіх не адбываецца. У поўным няведанні адносна расследавання застаюцца сваякі зніклага. Пакуль мы не бачым перспектыў. Пры гэтым за апошнія два гады было шмат зваротаў да ўладаў Беларусі, у тым ліку з боку ЕС і ЗША, каб расследаванне было даведзенае да лагічнага канца. Але ніякай рэакцыі ў адказ няма”, — казаў праваабаронца.
Юрый Захаранка ўваходзіў у каманду Аляксандра Лукашэнкі на выбарах першага прэзідэнта Беларусі ў ліпені 1994 года. Пасля выбараў заняў пасаду міністра ўнутраных спраў. У кастрычніку 1995 года Лукашэнка адправіў Захаранку ў адстаўку, а пазней былога міністра панізілі ў званні да палкоўніка міліцыі і звольнілі з МУС нібыта за грубыя фінансавыя парушэнні і хібы ў працы.
Неўзабаве пасля гэтага Захаранка перайшоў у апазіцыю. У лютым 1998 года ён узначаліў камітэт па бяспецы ў складзе ценявога ўрада. Вясной 1999 года актыўна ўдзельнічаў у арганізаванай апазіцыяй кампаніі па выбарах прэзідэнта, уваходзіў у каманду былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра.
Увечары 7 мая 1999 года Захаранка знік па дарозе дадому ў раёне сталічнай вуліцы Магілёўскай. Справа па факце ягонага забойства была распачатая 17 верасня 1999 года (на наступны дзень пасля знікнення палітыка Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага) па артыкуле 101 КК (наўмыснае забойства), але не завершаная дагэтуль. У 2016 годзе ні суд Кастрычніцкага раёна Менска, ні Менгарсуд не сталі разглядаць справу аб прызнанні Захаранкі памерлым, матывуючы гэта няскончаным расследаваннем крымінальнай справы па факце ягонага забойства.
Вясной 2017 года Камітэт ААН па правах чалавека прыняў рашэнне абавязаць беларускія ўлады давесці да канца расследаванне справы Захаранкі. Скаргу на парушэнні Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах падчас расследавання справы ў 2014 годзе падалі маці экс-міністра Ульяна Захаранка і яго дачка Алена. Гаворка ішла, у прыватнасці, аб парушэннях арт. 6 (права на жыццё), арт. 7 (забарона катаванняў і жорсткага бесчалавечнага абыходжання), арт. 9 (права на свабоду асабістай недатыкальнасці), арт. 10 (жорсткае абыходжанне ў месцах несвабоды), арт. 26 (роўная абарона законам) па палітычных матывах. Скаргу зарэгістравалі ў 2015 годзе і разгледзелі ў паскораным парадку з улікам сталага ўзросту маці.
14 мая 2018 года Ульяна Захаранка памерла.
Фота belprauda.org