СК праводзіць праверку па факце сходу цыстэрнаў з прапанам
Следчы камітэт праводзіць праверку па факце сходу цыстэрнаў са звадкаваным газам на чыгуначным перагоне Замасточча — Багушэўская каля вёскі Саўчанкі Віцебскага раёна.
Як паведамляе прэс-служба ведамства, у 18.14 24 ліпеня спрацавалі тармазы грузавога цягніка, які рухаўся са станцыі Віцебск да станцыі Менск праз Воршу. У складзе цягніка было 68 вагонаў і цыстэрнаў. З рэек сышлі 15 цыстэрнаў, у адной з якіх адбылася ўцечка газу, пазней ліквідаваная супрацоўнікамі МНС.
„Следча-аператыўнай групай праведзены агляд месца здарэння, зафіксаваныя пашкоджанні цыстэрнаў і чыгуначнага палатна. Пацярпелых няма”, — паведамляе СК.
Праверку праводзіць следчае ўпраўленне УСК па Віцебскай вобласці. Паводле звестак ведамства, зараз следчыя адбіраюць тэхнічную дакументацыю і дакументацыю аб праведзеным абслугоўванні на гэтым участку чыгункі.
Фота МНС