СК правядзе праверку адносна парэшткаў, знойдзеных ля вёскі Хайсы



Крымінальная справа па факце знаходкі пад Віцебскам ля вёскі Хайсы чалавечых парэшткаў на месцы масавых расстрэлаў пакуль не заведзеная.

Сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў і іншыя ўдзельнікі грамадзянскай ініцыятывы «Хайсы» лічыць, што гэта парэшткі расстраляных ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Таму неаднаразова звярталіся да мясцовых чыноўнікаў з заявамі добраўпарадкаваць тэрыторыю і правесці расследванне. Цяпер атрымалі адказ са следчага камітэта, які дае надзею,  што парэшткі годна перапахаваюць.

– Па выніках праверкі старэйшым следчым першага следчага аддзялення Віцебскага РАСК вынесена пастонова пра адмову ў адкрыцці крымінальнай справы. У сувязі з няпоўнасцю праведзенай праверкі, матэрыял з указаннямі накіраваны начальніку Віцебскага РАСК для арганізацыі правядзення дадатковай праверкі. Пра вынікі вы будзеце дадаткова апавешчаны Віцебскім РАСК, у тым ліку і пра прынятае рашанне пра пахаванне.

Пра расстрэлы, якія адбываліся ў 1930-х гадох у гэтых мясцінах, згадваюць мясцовыя жыхары. Таму віцебскія актывісты патрабуюць, каб адказныя службы правялі праверку, а мясцовыя ўлады далі дазвол пахаваць парэшткі і ўсталяваць памятны знак пра трагічныя падзеі.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя