СК правярае інфармацыю СМІ пра вакцынацыю дзяцей незарэгістраваным прэпаратам
Следчы камітэт правярае апублікаваную ў шэрагу СМІ інфармацыю аб вакцынацыі беларускіх дзяцей незарэгістраваным у краіне прэпаратам „Эупента”, паведамляе прэс-служба СК.
„Інфармацыя правяраецца следчымі ў кантэксце магчымага выкарыстання сітуацыі, якая склалася, у рамках канкурэнтнай барацьбы вытворцаў вакцын”, — адзначаецца ў паведамленні.
Дадаткова СК высвятляе парадак закупкі вакцыны, збіраецца інфармацыя аб праходжанні лекамі неабходных перад прымяненнем працэдур, рэгламентаваных дзейным заканадаўствам. Правяраюцца якасць і паходжанне канфіскаваных узораў прэпарата.
Следчыя таксама працягваюць праверку па факце смерці двухмесячнага дзіцяці пасля правядзення планавай вакцынацыі ў Ганцавіцкім раёне. Прызначаны шэраг экспертных даследаванняў. Канфіскаваныя ўзоры вакцыны, якая выкарыстоўвалася для правядзення прышчэпак.
Канчатковае працэсуальнае рашэнне будзе прынята па выніках праверачных мерапрыемстваў, адзначаецца ў паведамленні Следчага камітэта.
Трагедыя адбылася 13 жніўня. Бацькі двухмесячнага хлопчыка даставілі яго ў фельчарска-акушэрскі пункт на планавую вакцынацыю. Пасля ўвядзення некалькіх прышчэпак дзіця пачало задыхацца. Брыгада хуткай дапамогі даставіла хлопчыка ў Ганцавіцкую цэнтральную раённую бальніцу, але выратаваць дзіця не ўдалося. Ганцавіцкі раённы аддзел Следчага камітэта ініцыяваў праверку па факце смерці дзіцяці. Былі прызначаны экспертныя даследаванні канфіскаваных медыцынскіх дакументаў і прэпаратаў, у прыватнасці дзвюх вакцын, якія ўвялі дзіцяці, — „Эупента” (LG Chem, Паўднёвая Карэя) і „Імавакс Полія” (Sanofi Pasteur, Францыя). Прымяненне дзвюх серый вакцын „Эупента” і „Імавакс Полія” ў Беларусі прыпынена да завяршэння расследавання.
27 жніўня інтэрнэт-рэсурс „Ежедневник” апублікаваў матэрыял „Карупцыя Міністэрства аховы здароўя: як з беларускіх дзяцей зрабілі выпрабавальны палігон”, які перадрукаваў шэраг сродкаў масавай інфармацыі. Нагодай для артыкула стала трагедыя ў Ганцавіцкім раёне, дзе пасля прышчэпкі АКДС памерла двухмесячнае дзіця. „Ежедневник” напісаў, што беларускіх дзяцей прышчапляюць вакцынай, якая не толькі не прайшла рэгістрацыю ў Беларусі, але і мае блытаную гісторыю праходжання выпрабаванняў і рэгістрацыі ў Паўднёвай Карэі.
Міністэрства аховы здароўя 28 жніўня размясціла на сваім сайце паведамленне, у якім адзначае, што „фармат падачы інфармацыі і грубае выкладанне фактаў у артыкулах, апублікаваных на адным з інтэрнэт-рэсурсаў і перадрукаваных іншымі СМІ, могуць нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь у сферы аховы здароўя”.
Пры гэтым ведамства звяртае ўвагу, што „неаднаразова выказвала сваю пазіцыю” па публікацыях у шэрагу СМІ артыкулаў, звязаных з вакцынапрафілактыкай у Беларусі, у прыватнасці ў публікацыях 20 і 23 жніўня.
„Паведамляем, што ведамства накіравала адпаведныя дакументы ў Генеральную пракуратуру”, — гаворыцца ў паведамленні. Якія менавіта дакументы, у прэс-службе не ўдакладнілі.