СК прыпыніў праверку па факце смерці Аляксандра Віхора



 Следчы камітэт прыпыніў праверку па факце гібелі 25-гадовага жыхара Гомеля Аляксандра Віхора. Праверка, магчыма, будзе адноўленая пасля правядзення дадатковай экспертызы. Як паведаміла БелаПАН маці загінулага Святлана Віхор, першая судова-медыцынская экспертыза прыйшла да высновы, што Аляксандр памёр ад „недастатковасці кровазабеспячэння і спадарожнага захворвання сэрца”.

Нагадаем, Аляксандр Віхор быў затрыманы супрацоўнікамі АМАП 9 жніўня ў Гомелі. Тры дні сваякі шукалі яго, але праваахоўныя органы не падавалі ніякай інфармацыі. 12 жніўня маці даведалася ад кіраўніцтва Чыгуначнага РАУС, што яе сын памёр.

Праваахоўнікі ўвечары 11 жніўня адвезлі Віхора ў псіхіятрычную бальніцу, урачы якой адмовіліся шпіталізаваць хлопца, бо ён быў не па іх профілі. Яму стала горш, і калі прыехала хуткая дапамога, малады чалавек страціў прытомнасць. Яго спрабавалі выратаваць у рэанімацыі туберкулёзнай лякарні, але беспаспяхова. У рэанімацыю ён паступіў з папярэднім дыягназам „закрытая чэрапна-мазгавая траўма пад пытаннем, кома”.

„Я лічу, што смерць звязаная са страшным стрэсам, збіццём і здзекамі. Нас спрабуюць пераканаць, што ён павінен быў памерці ад праблем з сэрцам і памёр. Ён летам праходзіў паглыбленае даследаванне ў кардыядыспансеры, і ніхто з лекараў не сказаў, што ў яго сур’ёзныя праблемы з сэрцам!” — распавяла Святлана Віхор.

Бацькі і сястра Аляксандра даведаліся ад сведкаў, якія былі з іх блізкім чалавекам у аўтазаку, у міліцыі і на судзе, што яго збівалі, ён дрэнна сябе адчуваў, увесь час прасіў аб дапамозе. „Але ніхто не дапамог. Ён толькі атрымліваў новыя ўдары, яму ў твар пырснулі газам. Пра гэта распавялі хлопцы, якія былі з ім. У экспертызе адзначана, што ў Сашы былі гематомы, траўмы, пераломы рэбраў і грудзіны, але гэта не звязана з прычынай смерці”, — пракаментавала маці.

Бацькоў азнаёмілі з вынікамі экспертызы часткова. Ім не далі зрабіць копію або сфатаграфаваць вынікі экспертызы.

У бацькоў ёсць інфармацыя, што ў іх сына было кровазліццё ў забрушынную клятчатку і мяккія тканіны малога таза. Гэтае і іншыя пытанні яны паставілі перад дадатковай экспертызай, якая цяпер прызначаная следчым.

Пасля збіцця ў міліцыі дзясяткі жыхароў Гомеля напісалі заявы аб гэтым у Следчы камітэт. Праверкі дагэтуль не скончаныя. У некаторых заяўнікаў праверкі працягнутыя да снежня 2020 года.

Фота: svaboda.org