СК: Радавога Аляксандра Коржыча давялі да самагубства
Радавы Аляксандр Коржыч, які праходзіў службу ў Печах пад Барысавам, быў даведзены да самагубства. Пра такія высновы следства паведаміў 19 красавіка журналістам начальнік галоўнага следчага ўпраўлення СК Алег Шандаровіч.
Паводле яго слоў, расследаванне крымінальнай справы завершана.
21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са звязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай 3 кастрычніка 2017 года ў падвале медроты. 5 кастрычніка ў якасці першапачатковай версіі следства назвала суіцыд, але сваякі з гэтым не пагадзіліся і заявілі аб гвалтоўным характары смерці.
У выніку СК распачаў справу па ч. 3 арт. 443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці, якое мела вынікам цяжкія наступствы). Паведамлялася, што разглядаюцца тры версіі таго, што здарылася: давядзенне да самагубства, забойства і самагубства.
Паведамлялася таксама, што па справе Коржыча ўзяты пад варту 10 чалавек, у тым ліку два афіцэры — камандзір роты, старшы лейтэнант 1994 года нараджэння, і яго намеснік, капітан 1989 года нараджэння, сем сяржантаў і прапаршчык. За непрыняцце мер па прадухіленні гібелі радавога з арміі звольненыя пяць чалавек, яшчэ двое — адхіленыя ад працы.
Пасля здарэння ў вайсковай часці ў Печах апытаныя 18 тысяч звольненых у запас ваеннаслужачых тэрміновай службы і іх сваякоў, распачатыя дзве крымінальныя справы, паведаміў міністр абароны Андрэй Раўкоў 2 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў.
10 красавіка на сустрэчы з кіраўнікамі і калектывамі дзяржСМІ Аляксандр Лукашэнка заявіў, што асабіста кантралюе сітуацыю па расследаванні гібелі Коржыча „і там жорстка разбіраюцца”. „Абавязкова разбярэмся і трымаем у курсе справы маці, запрашаем на допыты, — паведаміў афіцыйны лідар. — Абсалютна дэмакратычна ўсё гэта расследуецца, таму што я не прымаю, калі ў мірны час нават у войску гінуць людзі”. БелаПАН