СК Расеі завёў справу на беларуса за экстрэмізм



Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта Расеі пачата крымінальная справа ў дачыненні да грамадзяніна Беларусі Дзмітрыя Паўлава.

ui-5784a9f6306979.28739758

Як паведамляе прэс-служба СК РФ, „ён падазраецца ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 2 арт. 205.2, ч. 2 арт. 280, ч. 1 і 2 арт. 282.1, ч. 1 і 2 арт. 282.2, п. „в” ч. 2 арт. 282, ч. 3 арт. 354.1 КК РФ (стварэнне і арганізацыя дзейнасці экстрэмісцкай арганізацыі; публічныя заклікі да ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або публічнае апраўданне тэрарызму; публічныя заклікі да ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці; распальванне нянавісці альбо варожасці, а таксама прыніжэнне чалавечай годнасці; рэабілітацыя нацызму)”.

Паводле дадзеных следства, у кастрычніку 2013 года Паўлаў стварыў нацыяналістычнае аб’яднанне Misanthropic Division (арганізацыя забаронена рашэннем суда на тэрыторыі РФ) як субкультурны праект, „плануючы ўмацаваць свае пазіцыі сярод нацыяналістаў, а таксама атрымліваць прыбытак ад продажу прадукцыі з адпаведнай сімволікай”. „Аднак з пачаткам рэвалюцыйных падзей ва Украіне ў 2014 годзе дзейнасць „Мізантропік Дывіжн „набыла міжнародны характар і стала больш радыкальнай. Ячэйкі супольнасці былі адкрыты ў 19 дзяржавах, у ліку якіх не толькі Расея, Беларусь і Украіна, але таксама Германія, Францыя, Польшча, Англія і іншыя еўрапейскія краіны”, — адзначаюць следчыя.

„Функцыянеры ўкраінскай ячэйкі гэтай арганізацыі бралі ўдзел у падзеях „Еўрамайдана”, а таксама ў баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны. Разам з гэтым яны вядуць папулярызацыю бандэраўскай ідэалогіі, нацыянал-радыкалізаваных і ўзброеных фарміраванняў Украіны („Правы сектар”, полк „Азоў”), а таксама заклікаюць у іх шэрагі”, — сказана ў паведамленні СК РФ.

Паводле версіі следства, „на тэрыторыі Расеі Паўлаў і яго паплечнікі ў сацыяльных сетках прапагандуюць расісцкія і неанацысцкія погляды, публічна заклікаюць да тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасці, распальваюць нянавісць і варожасць да шэрагу нацыянальнасцяў, непаважліва публічна выказваюцца пра дні вайсковай славы і памятных датах Расеі, звязаных з абаронай Айчыны”.

„Праваахоўнымі органамі Расеі вядзецца актыўная праца па супрацьдзеянні гэтай супольнасці. Шэраг яе ўдзельнікаў ужо асуджаны за ўчыненне злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці, некаторыя з’яўляюцца фігурантамі крымінальных спраў, а ў ліпені 2015 года рашэннем Краснаярскага краявога суда міжрэгіянальнае нацыянал-радыкальнае аб’яднанне Misanthropic Division прызнана экстрэмісцкай арганізацыяй і яго дзейнасць забаронена на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі”, — адзначаецца ў паведамленні.

Цяпер расейскія следчыя праводзяць вобыскі ў асоб, якія маюць дачыненне да дзейнасці арганізацыі, у Маскве, Архангельскай вобласці, Рэспубліцы Башкартастан.

Паводле дадзеных следства, Паўлаў цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Германіі. Рыхтуецца запыт „аб прававой дапамозе ў кампетэнтныя органы гэтай краіны”. „І мы спадзяемся, што ўлады Германіі адэкватна і аператыўна адрэагуюць на наш запыт і гатовыя будуць аказаць дапамогу ў яго экстрадыцыі”, — адзначаюць у СК РФ.

Адзначым, што сайт арганізацыі ў Беларусі недаступны, паколькі, як паведамляецца на старонцы, „знаходзіцца ў спісах абмежаванага доступу згодна з указам прэзідэнта Беларусі № 60 ад 1 лютага 2010 года, пастановай аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце № 4/11 ад 29 чэрвеня 2010 года і дэкрэтам прэзідэнта № 6 ад 28 снежня 2014 года”.

belapan.by