СК распачаў справу на падставе артыкула аб масавых беспарадках — 231 падазраваны
Следчы камітэт паведаміў пра распачынанне крымінальнай справы „па факце масавых беспарадкаў 1 лістапада ў Менску”.
„Паводле дадзеных следства, 1 лістапада на тэрыторыі сталіцы прайшлі несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, падчас якіх затрыманыя некалькі соцень грамадзян, якія груба парушылі грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады і мелі вынікам парушэнне работы транспарту і арганізацый. Таксама пашкоджаныя аб’екты гарадской інфраструктуры і аўтамабіль органаў унутраных спраў”, — гаворыцца ў паведамленні СК.
Распачатая крымінальная справа „па факце арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўнага ўдзелу ў іх на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса”. Падазраваным па справе прызнаны 231 чалавек, яны дапытаныя „пра абставіны ўчынення супрацьпраўных дзеянняў”.
Праводзяцца следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, „накіраваныя на ўсталяванне іншых асоб, якія маюць дачыненне да супрацьпраўнай дзейнасці”.
1 лістапада ў Менску прайшоў Марш супраць тэрору. Яго ўдзельнікі прайшлі ад станцыі метро „Парк Чалюскінцаў” да ўрочышча Курапаты, дзе пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Сілавікі перашкаджалі руху калон, выстаўляючы заслоны і выкарыстоўваючы спецсродкі. Паводле звестак праваабаронцаў, затрымана не менш як 286 чалавек, у тым ліку журналісты. Трое з іх, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам „Белсат”, Зміцер Солтан (Буянаў), Зміцер Краўчук і Арцём Багаслаўскі, таксама сталі падазраванымі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках.
Грамадзяне, якіх затрымлівалі падчас і пасля папярэдніх нядзельных маршаў, звычайна абвінавачваліся па адміністрацыйных артыкулах.