СК расследуе справу па размяшчэнні публікацый на сайце 1863x.com



У Следчым камітэце Беларусі пацвердзілі наяўнасць крымінальнай справы па факце размяшчэння публікацый на сайце 1863x.com.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова, Следчым камітэтам пачатая і расследуецца крымінальная справа па ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў) КК Беларусі.

Нагадаем, у канцы студзеня гэтага года з’явілася інфармацыя пра тое, што ананімны стваральнік сайта 1863x.com, вядомы пад нікам Джон Сільвер (Jhon Silver), затрыманы ў адным з гарадоў Расеі. Грамадскі актывіст Павел Юхневіч, асабіста з ім знаёмы, паведаміў, што пра затрыманне Джона Сільвера ён даведаўся ад яго жонкі, якой затрыманы паспеў патэлефанаваць. „Ён затрыманы дзесьці на тэрыторыі Расеі і чакае экстрадыцыі ў Беларусь. Пакуль гэтую інфармацыя (пра тое, у якім канкрэтна горадзе быў затрыманы.) абвясціць не можам для яго ж бяспекі”, — расказаў Юхневіч.

1 сакавіка Павел Юхневіч паведаміў, што Джон Сільвер усё яшчэ знаходзіцца ў Расеі. „Пакуль новай інфармацыі няма, — сказаў Юхневіч. — Наколькі я разумею, з беларускага боку ўсе працэдурныя пытанні выкананыя. Засталіся толькі дзеянні расійскага боку. Ён пакуль не экстрадаваны, сустракаўся з адвакатам там, адчувае сябе нармальна”.

Юхневіч таксама ўдакладніў, што Джон Сільвер папрасіў не паведамляць, дзе канкрэтна ён зараз знаходзіцца.

За што быў затрыманы стваральнік сайта і навошта ён паехаў у Расею, па-ранейшаму невядома. Паводле наяўнай інфармацыі, МУС Беларусі абвясціла яго ў вышук за парушэнне падпіскі аб нявыездзе.

Сайт 1863х.com быў створаны прыкладна паўтара года таму. На ім публікуюцца палітычныя тэксты, нярэдка з крытыкай уладаў Беларусі і Расеі. Стваральнік сайта вядзе яго на ўмовах поўнай ананімнасці. Адзіным сродкам сувязі з ім з’яўляецца інтэрнэт, з дапамогай якога ён меў зносіны з аўтарамі і даваў інтэрв’ю. У лістападзе 2015 года Джон Сільвер паведаміў на сайце: „Роўна паўгода таму, 5-га мая 2015 года, я быў затрыманы аператыўнай групай спецслужбаў, месяц правёў у” псіхушцы”, на мяне завялі дзве крымінальныя справы, і ў пачатку кастрычніка 2015 года мне давялося пакінуць Беларусь”. Вядома, што апошнім часам ён знаходзіўся ва Украіне.

belapan.by