Скандал вакол вапнавага кар’еру Кабакі
Вапнавы кар’ер Кабакі, у якім ужо 40 гадоў людзі купаюцца, стаў скандальным аб’ектам. Чыноўнікі бярозаўскага райвыканкама палічылі, што купацца ў вадаёме нельга. На тых, хто сюды прыязджае, міліцыя пачала складаць пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні, хоць людзі не бачаць прычын для забароны, кажа мясцовы дэпутат сельвыканкама Валер Білібуха:
– Вось тут райвыканкаму спатрэбілася ў вясковых людзей забраць апошнюю аддушыну – забаранілі купанне ў вадаёме. Але якая прычына? Ці там нейкія палачкі плаваюць? Вада там чыстая, нават паводле іх нормаў.
Валер Білібуха і грамадскі актывіст Анатоль Сахаруша лічаць, што знойдзены аб’ект, дзе можна выконваць план па складанні пратаколаў. Не падобна да таго, каб міліцыянты клапаціліся пра бяспеку людзей, кажа Анатоль Сахаруша:
– Даў начальнік каманду, едь там пару пратаколаў сладзі. Ён склаў. Так складзі 30 пратаколаў! Там 30 чалавек было, можа, больш, можа, менш. Яны падыйшлі туды, хто быў бліжэй, яны іх паклікалі да машын. Гэтыя людзі пайшлі. Астатнія нават увагі не звярнулі ніхто.
Даведацца, чаму забаранілі купанне, у новага кіраўніка Бярозаўскага таварыства выратавання на вадзе, былога начальніка мясцовай спецкамендатуры Аляксандра Муратава не ўдалося. Пытанне застаецца адкрытым.
Беларускае Радыё Рацыя