Рэстаран у Курапатах працуе, актывісты – пратэстуюць (абноўлена)



Грамадскія актывісты плануюць паставіць намёт, каб пастаянна прысутнічаць у Курапатах. Там сёння адкрылі забаўляльны комплекс з рэстаранам „Паедзем паядзім”.

Першы намёт міліцыяты папросту скралі,  расказаў у нашым эфіры сустаршыня аргкамітэту па стварэнні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец:

– Пастаянна прысутнічае міліцыя. І міліцыя скрала намёт, які абаронцы збіраліся ўсталёўваць. Проста падышлі пацікавіцца – пакажыце і хутчэй бяруць і бягуць да сябе ў машыну. Проста крадуць на вачох ва ўсіх.

На абаронцаў Курапатаў супрацоўнікі ДАІ складаюць пратаколы аб парушэнні Правілаў дарожнага руху.

Іх, у прыватнасці, абвінавачваюць у парушэнні пункта 17.1 ПДР у сувязі са знаходжаннем пешаходаў на праезнай частцы. Тлумачыць Павел Севярынец:

– Склалі два пратаколы на мяне, склалі пратакол на Вольгу Нікалайчык, на Леаніда Кулакова і яшчэ некалькіх чалавек. Увогуле мы людзі настойлівыя. Думаю, што сёння ўвечары яшчэ будуць навіны.

Актывісты, якія пратэстуюць супраць адкрыцця рэстарану «Паедзем паядзім» ля мемарыялу ахвяраў сталінізму ў Курапатах, сталі сведкамі, як ён пачаў прымаць наведнікаў позна ўвечары 5 чэрвеня.

 

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Віталь Сямашка

* * * 

Рэстаран, размешчаны каля мемарыяльнай зоны ў Курапатах, адчыніўся сёння ўночы, паведаміў у сваім фэйсбуку Павел Севярынец.

Нагадаем, што актывісты некалькі дзён пратэставалі супраць адкрыцця рэстарана «Поедем поедим». Так, учора некалькі чалавек перагарадзілі дарогу да рэстарана, не пусціўшы машыны з прадуктамі.

Дзённая вахта трывае тут з 12:00 да 18:00. Актывісты сабраліся сёння а 12-й, але гэтым разам работнікі рэстарана іх апярэдзілі. Павел Севярынец заклікае ўсіх ахвотных далучыцца да абароны Курапатаў. А таксама просіць у фэйсбуку прывозіць намёты ў Курапаты.

Беларускае Радыё Рацыя