„Скарбам народнай мовы” – 25 гадоў



25 гадоў таму ў Гародні была выдадзена цудоўная кніга “Скарбы народнай мовы” (З лексічнай спадчыны насельнікаў Гарадзенскага раёну). Гэта ўнікальная кніга – плён шматгадовай працы заслужанага настаўніка Беларусі Апанаса Цыхуна (1910-2005).

Кніга-слоўнік мае тры часткі. У першай “Лексіка” – падаюцца рэгіянальныя словы Прынёмаскага краю, не зафіксаваныя сучаснымі слоўнікамі літаратурнай мовы, словы родных аўтару гаворак. У другой частцы “Анамастыка”  змешчаны геаграфічныя назвы Гарадзеншчыны, назвы водных аб’ектаў басейна ракі Свіслач. Трэцюю частку складаюць прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы, зафіксаваныя ў народнай мове. Усяго Апанасам Цыхуном было зафіксавана каля 10 тысяч лексемаў. Скажыце, калі ласка, хто сёння гэтым будзе займацца, занатоўваць, збіраць і выдаваць скарбы народнай мовы так, як гэта рабіў Апанас Цыхун?..

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя