Скарга праціўніка завода АКБ разгледжана фармальна



У Берасцейскім абласным судзе разгледжана скарга праціўніка будаўніцтва акумулятарнага завода Канстанціна Астапука.

У час акцыі пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода 30 верасня ў Берасці Астапука затрымалі супрацоўнікі міліцыі, абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі Астапука і даставілі ў Ленінскі РАУС Берасця.

Падчас затрымання Астапуку стала кепска. І таму была выкліканая „хуткая”. Тым не меней, актывіст правёў 4 дні ў ІЧУ, а затым 4 кастрычніка суддзя Святаслаў Каліна аштрафаваў Астапука на 14 базавых велічынь.

Па інфармацыі праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, пры разглядзе скаргі ў абласным судзе 13 снежня Астапук хадайнічаў, каб суд запатрабаваў вынікі судова-медычнай экспертызы са шпіталя, паколькі да яго прымянялася фізічнае ўздзеянне з боку міліцыянтаў.

Суддзя Аляксандр Саўчук адхіліў хадайніцтва.

Канстанцін Астапук заявіў, што да яго не дапускалі адваката, здзекаваліся з яго ў РАУСе. Пры разглядзе справы ў судзе Леніскага раёна не былі прагледжаныя запісы з відэарэгістратараў супрацоўнікаў міліцыі, якія яго затрымлівалі, не былі дапытаныя сведкі з ягонага боку.

Суд прыняў рашэнне пакінуць пастанову суда ад 4 кастрычніка без зменаў, а скаргу Астапука без задавальнення.

Паводле spring96.org