Скаргу, асуджанага да расстрэлу, разгледзяць ў закрытым рэжыме
Касацыйная скарга жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова, асуджанага да расстрэлу, будзе разгледжаная 14 ліпеня.
Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтр „Вясна”. У сакавіку Сяргей Іваноў быў асуджаны Гомельскім абласным судом да выключнай меры пакарання за забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю.
«Хутчэй за ўсё скарга будзе разглядацца ў закрытым рэжыме, і гэта вельмі непакоіць, – кажа каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда.
– Гэтае паседжанне, як і ў судзе першай інстанцыі будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Казаць, што можна будзе зрабіць грамадскі кантроль, на жаль, не выпадае.
На здымку: Андрэй Палуда каля формы „смяротніка”, якую дзяржава пасля расстрэлу дасылае сваякам расстралянага.
Сяргей Іваноў прызнаны вінаватым у забойстве, якое было здзейснена з асаблівай жорсткасцю, а таксама ў рабаванні маёмасці, хуліганстве, якое суправаджалася выкарыстаннем гвалту, а таксама па шэрагу іншых артыкулах Крымінальнага кодэкса.
Нагадаем, Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе не адменена практыка смяротнага пакарання.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя