Скаргу белаазёрскага ААТ „Белінвестгандаль-Сплаў” суд не падтрымаў
У Берасцейскім абласным судзе адбыўся разгляд скаргі белаазёрскага ААТ „Белінвестгандаль-Сплаў”. Прадстаўнікі фірмы скардзіліся на пастанову суда Бярозаўскага раёну ад 5 кастрычніка 2018 году.
„Тады, кампанію прыцягнулі да адказнасці ў выглядзе штрафу, за парушэнне нарматыўна прававых актаў у галіне аховы навакольнага асяроддзя, а менавіта – за забруджванне іх тэрыторыі свінцом”, – паведамляюць экалагічныя актывісты. Суд вырашыў пакінуць у сіле рашэнне папярэдняй інстанцыі, што ў сваю чаргу выклікала задавальненне ў экалагічных актывістаў і праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу:
– Сёння скептыцызм прысутнічае, але я спадзяюся, што людзі павінны неяк выказваць свой пратэст. Таму што ёсць людзі якія займаюцца асноўнымі пытаннямі, і іх трэба падтрымліваць. Калі мы не будзем іх падтрымліваць, то нічога не будзе.
ААТ „Белінвестгандаль-Сплаў”, які спецыялізуецца на пераапрацоўцы свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй, ўваходзіць у структуру 1AK-GROUP. Группа, у сваю чаргу, займаецца у тым ліку будаўніцтвам акумулятарнага заводу пад Берасцем, супраць якога ўжо год як адбываюцца пратэсты на галоўнай плошчы абласнога цэнтру. Сам жа „Белінвестгандаль-Сплаў”, так ці інакш таксама ўжо быў замяшаны ў парушэннях экалагічнага заканадаўства. Іхнія адкіды, праз пасярэдніцтва прадпрымальнікаў, захоўваліся ў Зялёным Боры Івацэвіцкага раёну, і гэтая звалка была прызнана супрацьзаконнай. Паводле „зялёнабоскай гісторыі” былі заведзены шэраг крымінальных справаў. Саму звалку ў свой час знайшлі і распаўсюдзілі пра яе інфармацыю берасцейскія блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.