Скаргу „Віцебскага кур’ера” будзе разглядаць Вярхоўны суд



Суд адмовіўся разглядаць скаргу уладальніцы інтэрнэт-выдання «Віцебскі кур’ер» Вольгі Карач і накіраваў яе адразу ў вышэйшыя інстанцыі. Раней яна звярнулася ў суд Цэнтральнага раёна Менска з заявай аб адмене папярэджання пра парушэнне артыкулаў 4 і 38 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі”. Папярэджанне выданню абвясціла Міністэрства інфармацыі. У раённым судзе адказалі, што менавіта гэта справа ім непадсудная і скіравалі ў Вярхоўны суд.

– Мы будзем падаваць у Вярхоўны суд таксама. І будзем абскарджваць адмову Цэнтральнага суда. Наша заканадаўства не вельмі падрабязна піша, што рабіць, калі абвешчана папярэджанне. Сказана, што трэба звярнуцца ў суд. Мы звярнуліся. Зараз будзе Вярхоўны суд, але будзе і суд Цэнтральнага раёна, таму што, я лічу, што ў першую чаргу трэба звяртацца ў суд першай інстанцыі, а гэта раённы суд.

Як паведамлялася на сайце міністэрства, інтэрнэт-выданне «Віцебскі Кур’ер» папярэдзілі за “несапраўдную інфармацыі”. Міністэрства інфармацыі грунтуе свае прэтэнзіі да выдання на падставе меркаванняў Віцебскага аблвыканкама. Мясцовыя ўлады палічылі і загаловак, і змест матэрыялу «За что ребёнка забирают из благополучной семьи» непраўдзівымі.  

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Наш Дом