Скарынаўскія чытанні «Кніжная традыцыя ВКЛ» праходзяць у Літве
17 лістапада ў Акадэміі навук Літвы адбылося адкрыццё Скарынаўскіх чытанняў-2017 «Кніжная традыцыя Вялікага княства Літоўскага», прысвечаных юбілею 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. У цырымоніі адкрыцця мерапрыемства прыняў удзел Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Ён адзначыў, што юбілей беларускага кнігадрукарства «шырока адзначаецца не толькі ў Беларусі, але і ў многіх краінах свету, асабліва звязаных з імем і дзейнасцю нашага земляка». Каталіцкі Касцёл у Беларусі прымае ў гэтым працэсе актыўны ўдзел, як таксама Праваслаўная Царква, пратэстанцкія супольнасці, дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі.
«Жыццё нашага славутага суайчынніка цесна звязана з Вільняй. Каля 1520 года ён пераехаў у сталіцу Вялікага княства Літоўскага, дзе выконваў функцыі сакратара віленскага біскупа Яна, заснаваў першую ва Усходняй Еўропе друкарню і пачаў кнігадрукаванне. Тут ён выдаў “Малую падарожную кніжку”, якая ўключае ў сябе Псалтыр і многія рэлігійныя тэксты, і “Апостала”», – нагадаў арцыпастыр.
Па словах Мітрапаліта Кандрусевіча, Скарынаўскія чытанні «арганічна ўпісваюцца ў сусветнае святкаванне юбілею 500-годдзя выдання Бібліі Францішкам Скарынам і з’яўляюцца знакам пашаны да выдатнага сына нашага народа».
«Выданне першай друкаванай кнігі ў тыя часы ва Усходняй Еўропе было нечым большым за тэхнічны прарыў, бо пэўныя пастановы з Бібліі ўвайшлі ў заканадаўства Вялікага княства Літоўскага, якое ў тыя часы перажыло вялікі духоўны ўздым, – заўважыў арцыбіскуп. – Божы Провід распарадзіўся так, што Францішак Скарына выдаў Псалтыр 6 жніўня 1517 г. – у свята Перамянення Пана. Біблія – гэта вечна жывое і дзейснае Божае слова, якое дадзена нам з мэтай нашага духоўнага перамянення. Скарына падарыў свайму народу самае каштоўнае, што можа быць – Біблію на роднай мове, каб людзі яе разумелі, вывучалі і перамянялі сваю жыццё».