“Сказалі не ў той мікрафон”. 4 штрафы ў Наваполацку
У Наваполацкім судзе разбіралі 6 адміністрацыйных справаў, пачатых супраць чатырох чалавек.
Усе яны – удзельнікі сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, які рабіў стрым з Наваполацку 29-га красавіка. Двое з іх яшчэ й “кармілі галубоў” 3-га траўня – прыйшлі на цэнтральную плошчу горада, каб прагуляцца і паразмаўляць пра надзённае са сваімі знаёмымі.
Абмеркаваць наяўныя праблемы з тымі, ад каго залежыць іх вырашэнне, не атрымліваецца, кажа выкладчыца Алена Гурчонак:
– Я так разумею, што не ў той мікрафон сказала – не таму чалавеку! Але ж я не супраць, каб сказаць у мікрафон, які паставіць гарвыканкам. Толькі няма не тое што мікрафона, а нашы пісьмовыя звароты, як правіла, ігнаруюцца! Мы атрымліваем адпіскі, пустыя адпіскі!
Odtwarzacz plików dźwiękowych
Паводле двух адміністрацыйных пратаколаў, Алену Гурчонак аштрафавалі на 10 базавых велічынь, што складае 270 рублёў.
Такі самы штраф – і за сустрэчу з Сяргеем Ціханоўскім, і за так званае „кармленне галубоў” прысудзілі Наталлі Карэлінай. “Не ў той мікрафон” яна казала пра маленькія заробкі, і цяпер не ўяўляе, як сплаціць штраф: жанчына працуе майстрам па рамонце, і яе аклад – 219 рублёў.
Аляксандра і Юлію Шэлепень пакаралі “сямейным” штрафам. Муж і жонка за інтэрв’ю блогеру Ціханоўскаму павінны сплаціць 16 базавых велічынь. З агульнасямейнага бюджэту, падкрэслівае спадарыня Юлія:
– Значыць, мне свайму дзіцяці сказаць, што сёлета ён не паедзе ў летнік, бо я выйшла і прадэманстравала сваю грамадзянскую пазіцыю. Я маю на гэта права ў адпаведнасці з артыкулам 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь! А за гэта мне даюць штраф! Сямейны! 540 рублёў! Віншую, Беларусь! Напэўна, гэта якраз тое, чаго мы чакалі 26 гадоў. Каб за свабоду слова людзі пачыналі плаціць!
Odtwarzacz plików dźwiękowych
За ўдзел у сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім у Наваполацку, а таксама за так званае „кармленне галубоў” 7 чалавек былі аштрафаваныя на агульную суму больш як паўтары тысячы рублёў. Наваполацкаму актывісту Грамады Андрэю Зуеву за інтэрв’ю “не ў той мікрафон” было прысуджана 7 сутак арышту.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск
