Скажам “НЕ” Дэкрэту №5



Сказаць “НЕ” Дэкрэту №5 хочуць сябры Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Яны падалі менскім уладам заяўку на пікет на 21 лютага, каб выказаць пратэст супраць уступлення дэкрэта “Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый” у сілу. Паводле ўладаў, гэты дакумент дапаможа ў выкараненні безгаспадарнасці ды ўзмацненні працоўнай дысцыпліны. Паводле ж незалежных экспертаў, ён пагаршае прававое становішча работнікаў. Напрыклад, дэкрэт пашырае магчымасці кіраўнікоў па звальненні або адхіленні ад працы работнікаў. Кажа прафсаюзны лідар Аляксандр Ярашук:

Можа, на фоне таго, што зараз адбываецца, праблемы правоў працоўных былі адсунуты на другі план. Але гэта не азначае, што іх няма. І мы спрабуем гэтым пікетам, калі, канешне, атрымаем дазвол на яго правядзенне (у чым таксама вялікі сумнеў),  давесці да ведама нашых грамадзян, што ёсць у нас і свае ўнутраныя праблемы, пра якія ні ў якім разе нельга забываць.

Пікет прафсаюзнікі плануюць правесці ў сталічным Парку імя 50-годдзя Вялікага Кастычніка з удзелам каля паўсотні актывістаў. Акрамя таго, падобныя заяўкі на пікеты маюць падаць чальцы прафсаюзаў таксама ў шэрагу рэгіёнаў.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота left.by