Складаная сітуацыя з каронавірусам на Берасцейшчыне
Сітуацыя з каронавірусам на Берасцейшчыне складаная. Але пры гэтым усё ўтрымліваецца ў таямніцы. Статыстыка нават ілжывая не падаецца. Тэсты робяць толькі цяжка хворым. Нават платных экспрэс-тэстаў, якія маглі б своечасова паказаць хваробу, не дамагчыся.
CОVID-19 забірае свае ахвяры і сярод вясковых жыхароў у Кобрынскім раёне, кажа інвалід 2 групы з вёскі Дзявяткі Кобрынскага раёна Аляксандр Краўчук, які з сям’ёй, лічыць, перахварэў на гэтую хваробу:
– Памерла жанчына ў вёсцы, якую абслугоўвае наша амбулаторыя, 1967 года нараджэння, і маладая – 30 год. Цяпер супрацоўнікі Залескай амбулаторыі з’яўляюцца кантактамі першага ўзроўню. Лекар агульнай практыкі знаходзіцца дома на каранціне.
Краўчук не змог дамагчыся платнага экспрэс-тэсту, каб упэўніцца ў сваім меркаванні, што адхварэў на каронавірус.
Паводле кіраўніка грамадскай арганізацыі «За свой горад» Ігара Маслоўскага, абласны цэнтр аховы здароўя звярнуўся да грамадскасці, каб больш знаходзіліся дома, а на вуліцах былі ў масках. Але гэта трэба было рабіць яшчэ на пачатку сакавіка. Утойванне статыстыкі, адмова ад каранціну зрабілі сваю чорную справу. Да новых і новых ахвяр прывядзе бяспечнасць людзей, якія самастойна не асэнсавалі пагрозу.
Па афіцыйных звестках, у Беларусі на 8 чэрвеня зарэгістраваныя 49 тысяч 453 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19. Памерла 276 чалавек. Нашы субяседнікі гэтай статыстыцы не вераць.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя