Склалі пратаколы і адпусцілі



На затрыманых 3 ліпеня ў Берасці семярых удзельнікаў акцыі салідарнасці склалі пратаколы, паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк.

Паводле яго слоў, прыкладна ў 18.00 удзельнікі акцыі пачалі збірацца ля сцэны каля тэатра эстрады ў гарадскім парку культуры і адпачынку, дзе праходзіў канцэрт, прымеркаваны да Дня незалежнасці. Прыкладна ў 18.15 супрацоўнікі АМАПа затрымалі там аднаго ўдзельніка акцыі.

Пасля гэтага астатнія пайшлі адтуль і сабраліся на пляцоўцы ля ўваходу ў парк. Каля 19.20 прыкладна 50 удзельнікаў акцыі пайшлі па вуліцы Леніна і перыядычна пляскалі ў ладкі. Каля 19.30 недалёка ад скрыжавання з вуліцай Міцкевіча супрацоўнікі АМАПа затрымалі яшчэ пяць удзельнікаў акцыі. Астатнія разышліся.

„Паводле наяўных у мяне звестак, усяго было затрымана сем удзельнікаў акцыі. На гэты час іх прозвішчы мне невядомыя. Затрыманых даставілі ў Ленінскі РАУС Берасця, дзе на іх склалі пратаколы па арт. 23.34 КоАП. Прыкладна ў 23.00 усіх адпусцілі з міліцыі”, — дапоўніў Кісляк.

„Гэта адвольныя затрыманні. Людзі маюць права хадзіць па вуліцах і пляскаць у ладкі. Гэта не нясе ніякай пагрозы грамадскаму парадку”, — падкрэсліў праваабаронца.

belapan.by