Скончыўся ператрус у рэдакцыі БелаПАН



Прыблізна сем гадзін доўжыўся 7 жніўня ператрус у рэдакцыі інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.

Вобыск, які скончыўся прыкладна ў 15.45, праводзілі паўтара дзясятка супрацоўнікаў Следчага камітэта і МУС у прысутнасці панятых.

Канфіскаваныя шэсць цвёрдых дыскаў з камп’ютараў журналістаў і выпускаючых рэдактараў. З офіса БелаПАН для давання паказанняў праваахоўнікі павезлі ў Следчы камітэт дзяжурнага рэдактара агенцтва БелаПАН Андрэя Сераду, які знаходзіўся на працоўным месцы з раніцы 7 жніўня.

Па-ранейшаму невядомае месцазнаходжанне карэспандэнта БелаПАН Таццяны Каравянковай, на дачы ў якой таксама правялі вобыск.

Следчы камітэт раніцай 7 жніўня паведаміў, што „паводле матэрыялаў праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачатая крымінальная справа на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды)”.

Падставай да распачынання крымінальнай справы паслужыла „паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства „БелТА” аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія аказваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў”.

Згодна з паведамленнем СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС „выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да камп`ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з`яўляецца „БелТА”.

„У выніку здзейсненага злачынства РУП „БелТА” нанесеная істотная шкода, якая выявілася ў неправамерным завалоданні і выкарыстанні абароненай ад пабочнага доступу інфармацыі, а таксама падрыве дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. Да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці маюць дачыненне службовыя асобы выдавецкага дома „Беларуская навука”, ЗАТ „БелаПАН”, ТАА „ТутБай Медыя”. Сёння паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынства затрыманыя Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Таццяна Каравянкова”, — паведаміў Следчы камітэт.

Іншых каментароў у ведамстве пакуль не даюць. Паводле звестак праваабаронцаў, шасцярых журналістаў, у тым ліку міжнароднага аглядальніка БелаПАН Таццяну Каравянкову, затрымалі на трое сутак.

belapan.by