Славамір Адамовіч: Наступны год абяцае быць цікавым



 «А сёлета распачаліся палітычныя гульні Захаду з беларускімі ўладамі», — адзначае паэт і грамадскі дзеяч Славамір Адамовіч.

Славамір Адамовіч: Гэтыя гульні працягваюцца і, мяркую, не спыняцца ў наступным годзе. Да слова, прадстаўнікі СМІ таксама падліваюць масла агонь сваімі публікацыямі пра так званую лібералізацыю, пра паляпшэнне стасункаў. А гэта не зусім так. Якая тут лібералізацыя? Палітычныя судовыя працэсы, як былі, так і працягваюцца.

РР: Але таму ж Уладзіміру Кондрусю, якога днямі асудзілі да “хатняй хіміі”, не далі рэальнага тэрміну зняволення…

Славамір Адамовіч: І справа Кондруся, і справа Пальчыса – гэта, на мой погляд, падзеі, якія таксама трэба адзначыць. Хаця ў звязку з гэтым варта адзначыць і незвычайную рэакцыю рэжыму на публікацыі аўтараў прарасейскага “Рэгнума”, якія таксама апынуліся ў ізалятары. А следам была і заява нашых высокіх чыноўнікаў на заявы спадара Рашэтнікава, які лічыць Беларусь ледзь не часткай Расеі.  Гэтыя моманты і паказваюць, якія палітычныя гульні ідуць. Ні нашым, ні вашым. І Пальчыса за краты, і прарасейскіх аўтараў. Абвастрылася агульная палітычная атмасфера, што датычыцца кантактаў беларускіх уладаў з Крамлём. Наступны год, на мой погляд, таксама абяцае быць цікавым.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя