Следчы камітэт адмовіў Кацярыне Андрэевай у спатканні з мужам



Следчы камітэт адмовіў карэспандэнту тэлеканала „Белсат” Кацярыне Андрэевай (Бахвалавай) у спатканні з мужам.

Як паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў, адмову следчы патлумачыў тым, што Андрэева можа сысці ад правасуддзя і аказаць „незаконнае ўздзеянне на асоб, якія ўдзельнічаюць у крымінальным працэсе”.

Раней Следчы камітэт адмовіў у вызваленні Андрэевай з-пад варты пад паруку старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца і іншых вядомых прадстаўнікоў СМІ.

„Падчас папярэдняга расследавання сабраныя вычарпальныя доказы ў дастатковым аб’ёме, якія паказваюць на здзяйсненне Бахвалавай К.А. злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь”, — цытуе БАЖ пастанову СК.

Раней Следчы камітэт адхіліў аналагічнае хадайніцтва ў дачыненні да калегі Андрэевай Дар’і Чульцовай.

„Хадайніцтва Колб А.М. (галоўны рэдактар газеты „Новы час”. — БелаПАН.) і Бастунца А.Л. не абгрунтаванае, не матываванае і не падлягае задавальненню, паколькі не адпалі падставы, у сувязі з якімі Чульцова Д.Д. заключаная пад варту, — напісаў у пастанове следчы. — Акрамя гэтага, маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што Чульцова Д.Д. можа схавацца ад органа крымінальнага пераследу і суда, перашкодзіць папярэдняму расследаванню крымінальнай справы або разгляду яе судом, у тым ліку шляхам незаконнага ўздзеяння на асоб, якія ўдзельнічаюць у крымінальным працэсе, няяўкі без уважлівых прычын па выкліках органа, які вядзе крымінальны працэс”.

Андрэеву і Чульцову затрымалі 15 лістапада пасля прамога эфіру з месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў — на „плошчы Перамен” у Менску (двор на вул. Чарвякова). 24 лістапада беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

belapan.by