Следчы камітэт: Беларусаў не павінны цікавіць факты забойстваў палітыкаў
Слонімцы 22 снежня 2019 года звярталіся ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусі наконт прыняцця ўсіх неабходных мер па расследаванні крымінальных спраў па фактах забойстваў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.
У аўторак слонімцы атрымалі адказ за подпісам начальніка аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Ю.В.Вараўкі. У адказе паведамляецца, што “ваш зварот ад 22.12.2019 аб прыняцці ўсіх неабходных мер па расследаванні крымінальных спраў па фактах забойстваў Захаранкі Ю.М., Ганчара В.І. і Красоўскага А.С., разгледжаны па сутнасці і прыняты да ведама. У той жа час звяртаю вашу ўвагу, што вы не з’яўляецеся ўдзельнікамі крымінальнага працэсу па дадзеных крымінальных справах і працэсуальныя дзеянні і рашэнні па іх не закранаюць вашых праў і законныя інтарэсы. Такім чынам, у адпаведнасці з патрабаваннямі нормаў раздзела V Крымінальна-працэсуальнага кодэкса РБ вы не валодаеце правамі звяртацца са скаргамі і хадайніцтвамі па ўказаных крымінальных справах”.
З адказу вынікае, што беларусы, наогул, “не валодаюць правамі” (не маюць права) звяртацца з падобнымі зваротамі ў Следчы камітэт РБ наконт расследавання крымінальных спраў па фактах забойства вядомых беларускіх палітыкаў.
Беларускае Радыё Рацыя