Следчы камітэт зноў працягнуў расследаванне справы Юрыя Захаранкі



Следчы камітэт працягнуў тэрмін папярэдняга расследавання крымінальнай справы па факце знікнення Юрыя Захаранкі да 24 сакавіка. Як паведаміў праваабаронца Алег Волчак, прадстаўнік жонкі зніклага экс-міністра ўнутраных спраў Вольгі Захаранка, якая атрымала палітычнае прыстанішча ў Германіі, пра гэта яго апавясціў СК.

„Аб выніках расследавання вам будзе паведамлена дадаткова”, — гаворыцца ў кароткім паведамленні СК на імя Волчака.

„Вельмі складана юрысту і былому старшаму следчаму пракуратуры каментаваць кожныя тры месяцы на працягу 19 гадоў (столькі ідзе бесперапыннае расследаванне справы) аб прадаўжэнні тэрміну папярэдняга расследавання па крымінальнай справе па факце гвалтоўнага выкрадання міністра МУС Юрыя Захаранкі. Зразумела, што ніхто нічога не праводзіць”, — пракаментаваў  ход расследавання праваабаронца.

У такіх высноў, адзначыў ён, ёсць абгрунтаванне. „Некалькі месяцаў таму газета „Народная воля” апублікавала матэрыял, што ёсць людзі, якія гатовыя расказаць пра акалічнасці выкрадання Юрыя Захаранкі. Але пасля выхаду таго артыкула так ніхто і не зацікавіўся новымі акалічнасцямі. Выснова адна — няма задачы ў следства завяршыць гэтую справу і накіраваць яе ў суд. На жаль, працэдура прадаўжэння расследавання будзе і далей выкарыстоўвацца да выбараў новага прэзідэнта краіны”, — сказаў Волчак.

Былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка, пайшоў у апазіцыю і ў 1998 годзе ўзначаліў камітэт па бяспецы ценявога ўрада. Вясной 1999 года актыўна ўдзельнічаў у арганізаванай апазіцыяй кампаніі па выбарах прэзідэнта. Увайшоў у каманду экс-прэм’ера Міхаіла Чыгіра. 7 мая 1999 года пры нявысветленых акалічнасцях знік у цэнтры Менска.  БелаПАН