Следчы камітэт не бачыць злачынства ў збіцці журналіста tut.by



Следчы камітэт пасля трохмесячнай праверкі вырашыў не пачынаць крымінальную справу па факце збіцця журналіста TUT.BY Паўла Дабравольскага ў будынку суда Фрунзенскага раёна 25 студзеня.

dabravolski77-at2nf

Следчы Сямён Піцко пагадзіўся з версіяй супрацоўнікаў міліцыі і адзначыў, што Дабравольскі сваімі дзеяннямі даў падставы лічыць сябе правапарушальнікам, а значыць прымяненне сілы да яго было апраўдана.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец каментуе рашэнне Следчага камітэта:

– Упэўнены, што кожная з тых асобаў, якія займаліся праверкай па гэтай справе, дакладна разумелі, што адбылося. Гэта арт.198 Крымінальнага Кодэксу РБ. Менавіта таму, што гэта журналіст. Так, я думаю, што не збіраліся збіць журналіста, але так атрымалася. Замест таго, каб прыцягнуць да адказнасці тых асобаў, якія здзейснілі гэтае правапарушэнне, усе дзяржаўныя органы пачалі бараніць тых асобаў, якія здзейснілі гэтае злачынства.

25-га студзеня Павел Дабравольскі знаходзіўся ў будынку суда Фрунзенскага раёна, куды быў накіраваны рэдакцыяй TUT.BY для асвятлення судовага паседжання па «справе графіцістаў». Калі міліцыянты вывелі з залы судовых пасяджэнняў актывістаў Максіма Шыцікава і Паўла Сяргея, журналіст рушыў услед за імі, каб здымаць на відэа. Дабравольскага таксама схапілі і заштурхнулі разам з актывістамі ў кабінет. Па словах журналіста, на працягу хвіліны іх інтэнсіўна збівалі, затым на працягу каля 20 хвілін працягваліся рэгулярныя ўдары нагамі. Гэта суправаджалася лаянкай і пагрозамі.

Збіццё журналіста асудзілі АБСЕ і міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў».

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nn.by