СК не зоймецца справай збіцця студэнта міліцыянтамі
Следчы камітэт адмовіўся пачынаць крымінальную справу па збіцці ў пастарунку міліцыі студэнта Канстанціна Ахроменкі.
„У крымінальнай справе па заяве Ахроменкі адмовіць з прычыны адсутнасці ў дзеянні складу злачынства”, — сказана ў пастанове за подпісамі старэйшага следчага Следчага камітэта Жукоўскага і кіраўніка Кастрычніцкага раённага аддзела СК Барышава.
Намеснік старшыні Руху „За Свабоду” Алесь Лагвінец паехаў з Канстанцінам Ахроменкам у Следчы камітэт, аднак не атрымаў дазволу прадстаўляць ягоныя інтарэсы і не быў дапушчаны на выдачу пастановы:
– Мы яму дапамагаем. Ён звярнуўся і да праваабаронцаў, у прыватнасці да ПЦ “Вясна”, дзе яму дапамогуць скласці скаргу. У нас вялікіх ілюзій няма. Рука руку мые: рэжым будзе бараніць сваіх прадстаўнікоў. Але вельмі важна скарыстаць легальныя магчымасці, каб аспрэчыць рашэнне і прыцягнуць вінаватых да адказнасці, паколькі мы маем падвойную дыскрымінацыю: моўная дыскрымінацыя і рэпрэсія з боку паліцэйскай дзяржавы.
Як адзначае сам Канстанцін Ахроменка, ён з сябрам піў піва ў дазволеным месцы на вакзале.
„Падышлі амапаўцы і запатрабавалі дакументы. Пачаў размаўляць з імі па-беларуску, але яны запатрабавалі, каб адказваў па-расейску”, — распавёў Ахроменка.
Пры спробе яго затрымаць, пачаў вырывацца, тады на яго надзелі кайданкі і даставілі ў міліцыю. У пастарунку здекаваліся з беларускай мовы, у адказ студэнт плюнуў у твар амапаўцу. Пасля гэтага яны павалілі яго на падлогу і пачалі біць нагамі ў берцах – у маладога чалавека рассечаныя вусны, сіняк пад правым вокам і гематомы па ўсім целе.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя