Следчы камітэт пакуль не вярнуў БАЖ канфіскаваныя падчас вобшуку тэхніку і дакументы



Следчы камітэт дагэтуль не вярнуў Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) канфіскаваныя падчас вобшуку ў лютым тэхніку і дакументы.

Як паведаміў БелаПАН намеснік старшыні арганізацыі Барыс Гарэцкі, раніцай 12 сакавіка супрацоўнікі СК прыехалі ў офіс БАЖ. „Правялі агляд, пераканаліся, што пячаткі не сарваныя, ніхто ў офісе не быў, і памяшканне нам вярнулі. Аднак сейф, пячатку, дакументы, тэхніку — нічога больш не вернута. Спадзяемся, што хутка вернуць, таму што нам гэта ўсё неабходна для працы, у тым ліку для бухгалтэрыі”, — адзначыў ён.

Паводле слоў Гарэцкага, у офісе пасля вобшуку застаўся „не такі страшны бедлам”. Супрацоўнікі БАЖ перажывалі за гаршковыя кветкі, але яны „амаль месяц вытрымалі”.

16 лютага ў офісах і кватэрах дзясяткаў праваабаронцаў, прафсаюзных актывістаў і незалежных журналістаў па ўсёй краіне прайшлі вобшукі. Як пасля паведаміў Следчы камітэт, вобшукі былі праведзеныя ў межах расследавання справы на падставе артыкула 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Вобшукі прайшлі ў офісе БАЖ, у яе старшыні Андрэя Бастунца, яго намеснікаў Барыса Гарэцкага і Алега Агеева, юрыста Крысціны Рыхтэр, у офісе пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна” і ў яго старшыні Алеся Бяляцкага, у каардынатара кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэя Палуды, лідараў і актывістаў незалежнага прафсаюза РЭП, рэгіянальных праваабаронцаў у многіх гарадах.

Офіс БАЖ быў апячатаны, рахунак арганізацыі — арыштаваны.

Пасля вобшуку арганізацыя адразу звярнулася ў СК з хадайніцтвам вярнуць дакументы і пячатку і разблакаваць офіс. 10 сакавіка старшыня БАЖ Андрэй Бастунец быў дапытаны ў Следчым камітэце ў якасці сведкі ў межах справы паводле артыкула 342 КК. У прысутнасці кіраўніка БАЖ быў праведзены агляд канфіскаванага 16 лютага сейфа арганізацыі. У ім захоўваюцца статутныя дакументы, пячатка асацыяцыі і працоўныя кніжкі супрацоўнікаў. Нічога з гэтага Бастунцу тады не аддалі.

belapan.by