Следчы камітэт пацвердзіў узлом старонкі ў Facebook



Следчы камітэт Беларусі пацвердзіў узлом сваёй старонкі ў сацыяльнай сетцы Facebook.

„Наша старонка ў Facebook была ўзламаная сёння раніцай. Усё, што там сёння апублікаванае і, магчыма, будзе апублікаванае, — не адпавядае рэчаіснасці. Зараз мы працуем над аднаўленнем доступу”, — гаворыцца ў паведамленні СК у яго твітэр-акаўнце.

Звязацца з афіцыйнымі прадстаўнікамі Следчага камітэта БелаПАН пакуль не ўдалося.

Як паведамлялася раней, 12 чэрвеня прыкладна ў 8.35 на ёй з’явілася паведамленне: „Згодна з чаканнямі расейскага боку, Следчы Камітэт Рэспублікі Беларусь з дазволу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, адхіляе свайго прадстаўніка і не будзе далей удзельнічаць у Міжведамаснай Камісіі па бяспецы ў інфармацыйнай сферы”.

Да паведамлення прымацаваны скан указа прэзідэнта ад 16 лістапада 2017 года № 413 „Аб Мiжведамаснай камісіі па бяспецы ў інфармацыйнай сферы”.

Напярэдадні быў узламаны твітэр-акаўнт намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максіма Рыжанкова. На яго старонцы быў размешчаны ліст, нібыта напісаны кіраўніком адміністрацыі Наталляй Качанавай на адрас яе расійскага калегі Антона Вайно з выбачэннямі за „меры супраць Расійскай Федэрацыі ў сферы інфармацыйнай бяспекі”. Рыжанкоў заявіў БелаПАН, што гэта правакацыя і ён звярнуўся ў праваахоўныя органы.