Следчы камітэт пракаментаваў перавод Пратасевіча і Сапегі пад хатні арышт
Следчы камітэт пракаментаваў перавод Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі пад дамашні арышт.
„Следчы камітэт Беларусі працягвае расследаванне крымінальных спраў у дачыненні да Соф’і Сапегі і Рамана Пратасевіча, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ведамства. — Абвінавачаныя даюць паслядоўныя прызнаўчыя паказанні, і ў адпаведнасці з заканадаўствам яны раней звярнуліся з хадайніцтвам аб заключэнні дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве са следствам”.
Як паведамляе СК, у хадайніцтве Пратасевіч і Сапега „абавязаліся спрыяць папярэдняму следству ў расследаванні злачынстваў, выкрыцці саўдзельнікаў, ажыццяўляць усё магчымае для загладжвання шкоды, прычыненай злачынствамі”.
„Зыходзячы з гэтага і пасля разгляду звароту абвінавачаных аб змене меры стрымання следства палічыла магчымым змяніць яе на дамашні арышт”, — піша СК.
25 чэрвеня стала вядома, што блогер Раман Пратасевіч і яго сяброўка Сафія Сапега, затрыманыя пасля вымушанай пасадкі ў Менску самалёта Ryanair, пераведзеныя пад дамашні арышт.
Пры гэтым праваабарончы цэнтр „Вясна” падкрэслівае, што Пратасевіч і Сапега працягваюць лічыцца палітвязнямі.
Як зазначаюць праваабаронцы, умовы дамашняга арышту суправаджаюцца шэрагам абмежаванняў: зняволеныя не могуць выходзіць на вуліцу, сустракацца нават са сваякамі і сябрамі, карыстацца інтэрнэтам. Праваабаронцы заяўляюць, што ў такіх умовах утрыманне палітвязняў пад хатнім арыштам разглядаецца як месца няволі.
Дагэтуль было вядома, што пад дамашнім арыштам знаходзяцца пяцёра з больш як 500 палітвязняў: Сяргей Драздоўскі, Ірына Касцючэнка, Кацярына Ткачэнка, Юлія Чарняўская і Андрэй Шарэнда.
23 траўня самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, вымушана сеў у Менску. У Ryanair заявілі, што экіпаж атрымаў інфармацыю пра бомбу на борце ад беларускіх дыспетчараў, якія далі ўказанне пасадзіць самалёт у Менску. Пазней мініраванне не пацвердзілася, але стала вядома пра затрыманне беларускага блогера Рамана Пратасевіча і яго сяброўкі, расійскай грамадзянкі Сафіі Сапегі, якія знаходзіліся на борце самалёта.
На прэс-канферэнцыі 14 чэрвеня кіраўнік Следчага камітэта Дзмітрый Гара паведаміў, што Сапезе выстаўленае абвінавачанне на падставе арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці непрыязнасці). Яна таксама з’яўляецца падазраванай паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Пратасевіч абвінавачваецца згодна з трыма артыкуламі Крымінальнага кодэкса: 130, 342 і 293 (масавыя беспарадкі).
На згаданую вышэй прэс-канферэнцыю, арганізаваную МЗС, быў дастаўлены Пратасевіч, які заявіў, што супрацоўнічае са следствам добраахвотна. „Я разумею, якую шкоду я нанёс не толькі дзяржаве, але і краіне. І хачу зрабіць усё, што ў маіх сілах, каб выправіць сітуацыю. Я нікому не здраджваю, нікога не здаю. Я дапамагаю следству і сваёй краіне і маю намер дапамагаць далей”, — сказаў ён.
17 чэрвеня бацька дзяўчыны Андрэй Сапега ў відэазвароце папрасіў Лукашэнку памілаваць Сафію.
Магчымасць памілавання Сапегі пасля відэазвароту яе бацькі абмяркоўваецца, гэта пытанне да беларускіх уладаў, пасольству РФ у Менску пакуль невядома пра іх рэакцыю, але яно зыходзіць з таго, што яна будзе, заявіў 22 чэрвеня РИА Новости расейскі пасол у Менску Яўген Лук’янаў.