Следчы камітэт прыпыніў расследаванне справы аб забруджванні Дзітвы



Упраўленне Следчага камітэта па Лідскім раёне часова прыпыніла расследаванне па крымінальнай справе аб забруджванні ракі Дзітва.

У афіцыйным адказе следчыя тлумачаць гэта тым, што ім так і не ўдалося выявіць таго, хто датычны да стварэння экалагічнай катастрофы на рэках Лідчыны. Хоць ужо і агульнавядома, што забруджванне ракі Дзітва ў чэрвені мінулага года адбылося праз зліў нечыстотаў з ачышчальных збудаванняў Лідскага ЖКГ. З адпаведным зваротам у следчыя органы звярнуўся грамадскі актывіст з Гародні – Мечыслаў Супрон.

– Я звярнуўся ў пракуратуру з пытаннем, як ідзе вывучэнне матэрыялаў, звязаных з тым, што ўлетку 2019 года была атручана Дзітва. І атрымаў адказ з Лідскага следчага камітэта, што па дадзеным факце была пачата крымінальная справа. Расследаванне, наколькі я зразумеў, часова прыпынена.

Нагадем, што ўлетку 2019 года на рацэ Дзітва, якая з’яўляецца прытокам Нёмана, адбыўся масавы замор рыбы ў выніку атручвання ракі Лідскім ЖКГ. Камунальшчыкі і мясцовая вертыкаль усяляк замоўчвалі гэты факт, але пад ціскам грамадскасці ўсё ж гэта прызналі. Тады адбыліся экалагічныя пікеты ў Лідзе і Гародні, за якія штрафамі былі пакараныя некалькі чалавек. Адначасова, тыя, хто ўчыніў гэтую экалагічную катастрофу і ўсяляк яе замоўчваў, па-ранейшаму застаюцца непакаранымі.

 

 

 

 

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя